Кніга Лічбы («Книги четвертые Моисеевы, зовемые Числа») — недатавае пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет каля 1519 года.
Змест кнігі
Выданне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Зуполне выложены на руский языкъ доктором Франъциском Скориною с Полоцька Богу Отцу и Сыну и Светому Духу ко чти и людем посполитым к доброму научению»). У пачатку кнігі даецца «Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во книги Числа Моисеовы». На 5-74 аркушах выдадзены тэкст 36 раздзелаў кнігі, а на апошнім аркушы — пасляслоўе.
Друкарскія асаблівасці выдання
Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 74 аркушы, якія сабраны ў 8 сшыткаў. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. На 7-м аркушы падчас друку была зроблена памылка нумерацыі раздзелаў (замест «2» была надрукавана «3»). Выданне ўпрыгожана гравюрай «Ізраілевы палкі ля храма» (тытульны ліст), застаўкай, канцоўкай і 39 ініцыяламі. На 5-м аркушы перад асноўным тэкстам змешчана застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменнем сонца, вакол якога намаляваныя дзеці. Гэтая ж застаўка ёсць у яшчэ трох пражскіх выданнях Скарыны. Перад пасляслоўем на 74 аркушы змешчана канцоўка, якая вар'іруе матыў калоны з акантавым лісцем, такія ж выявы сустракаюцца ў яшчэ 2 пражскіх выданнях Скарыны. Перад прамовай надрукавана малая застаўка, а вялікая застаўка з дзікімі людьмі і шчытом з зацьменнем сонца папярэднічае асноўнаму тэксту. Ініцыялы папярэднічаюць пачаткам раздзелаў, тэкстам на тытульным лісце і прадмове.
Захавалася 18 экзэмпляраў кнігі Лявіт, з іх 7 поўныя.
Літаратура
- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3
Спасылкі