Каталіцкая абшчына ў Васілішках з’явілася ў 1652 годзе, у 1658 тут заснаваны манастыр дамініканаў, пры якім пабудаваны драўляны касцёл[4]. Мураваны барочны касцёл пабудаваны ў 1769 годзе, аднак асвечаны толькі 30 лістапада 1790 года[2].
Пасля падаўлення Польскага паўстання 1830—1831 гадоў, як і многія іншыя каталіцкія храмы на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў перададзены праваслаўным і пераасвечаны як праваслаўная царква. У 1919 годзе пасля пераходу рэгіёну ў склад міжваеннай Польшчы вернуты каталікам[3]. У 1922—1928 гадах рэканструяваны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны закрыты, у 1980 годзе вернуты вернікам.
Архітэктура
Помнік архітэктуры позняга барока[1][3]. Некаторыя аўтары звяртаюць увагу на рысы віленскага барока, якія прысутнічаюць у архітэктуры царквы[4]. Храм — трохнефная базіліка, галоўны неф завяршаецца паўкруглай апсідай з адзінай сакрысціяй з паўднёвага боку справа ад прэзбітэрыя[1]. Нефы падзеленыя двума радамі па тры калоны ў кожнай, да чатырох найбольш блізкім да прэзбітэрыя калон прыбудаваны невялікія алтары.
Архітэктурна-пластычны акцэнт — на галоўным заходнім фасадзе, фланкіраваным трохяруснымі вежамі (чацвёрты ярус з фігурным шлемам разабраны ў 1832 г.) з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыка ствараецца ўвагнутасцю і акругласцю граняў вежаў, слаістымі лапаткамі, пілястрамі з валютамі ў аснаванні, плаўна выгнутымі цягамі і карнізамі, прамавугольнымі філёнгамі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэсленая лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. Бакавыя фасады маюць лучковыя праёмы і расчлянёныя плоскімі лапаткамі. Касцёл накрыты двухсхільным дахам, скругленым над апсідай.
Перад касцёлам — мураваная трохарачнаябрама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго галоўнага фасада.
Інтэр’ер
Гістарычна храм меў скляпеністыя перакрыцці нефаў, аднак у ходзе перабудоў яны былі згубленыя і замененыя плоскай бэлечнай столлю[5].
Асноўнае памяшканне шасцістоўпнага храма перакрыта плоскай бэлечнай столлю (замест страчаных скляпеністых перакрыццяў). У цэнтральны неф шырокай аркай адкрываецца галерэяхораў з увагнута-пукатым парапетам.
Галоўны алтар храма багата дэкараваны ляпнінай, у яго цэнтры знаходзіцца палатно «Хрышчэнне Гасподне»[5]. Усяго ў інтэр’еры царквы 7 алтароў — галоўны, два бакавых і 4 алтары на калонах; выкананы ў тэхніцы стука пад ружовы і блакітны мармур і ўпрыгожаны пазалочаным ляпным дэкорам. Галоўны алтар храма багата дэкараваны ляпнінай, у яго цэнтры знаходзіцца палатно «Хрышчэнне Гасподне»[5]. Мастацкі эфект дэкаратыўнага вырашэння інтэр'еру заснаваны на кантрасце яго плоскаснай архітэктуры і каларыстычна насычаных і пластычна вырашаных сямі алтароў (галоўны, два бакавыя, чатыры кулісныя). Алтары выкананы ў стылі ракако ў тэхніцы стука пад ружовы і блакітны мармур, упрыгожаныя пазалочанай лепкай — ракайлі, валюты, пуці, дэкаратыўныя вазы, мудрагелістыя сплаценні зоркападобных завіткоў.
У касцёле пахаваны Юзаф Белапятровіч[d] (пам. 24 чэрвеня 1780, Валэйшы), стражнік лідскі. На касцёльным двары пахаваны палкоўнік Фама Кандраценка (пам. 16 верасня 1893) і Станіслаў Прыбытак (пам. 24 сакавіка 185?).