Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у горадзе ЧэрыкавеМагілёўскай вобласці, помнік архітэктуры неараманскага стылю. Узведзены на месцы былога кармеліцкага драўлянага касцёла, за савецкім часам перароблены ў дом культуры. У цяперашні час вернуты каталіцкай царкве, аднаўляецца.
Гісторыя
Упершыню парафія згадваецца ў 1669 годзе ў сінодзе Казіміра Сапегі, на той час адносілася да Аршанскага дэканатаВіленскага біскупства. У 1790—1832 гадах у горадзе існаваў кармеліцкі кляштар. На ахвяраванні ксяндза Маладковіча і парафіян у 1792 годзе быў збудаваны новы драўляны касцёл. З 1840 года над парафіяй узялі апеку дыяцэзіяльныя святары. Па звестках 1849 года, каталіцкі прыход адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі, дзейнічалі капліцы ў Горах і Гарадцы[1].
У 1862—1869 гадах на ахвяраванні ксяндза Паўла Падгурскага, Агаты Міхайлаўны і Сымона Андрэевіча Цюлюпаў быў узведзены новы мураваны касцёл у Чэрыкаве. Галоўны алтар быў кансэкраваны магілёўскім біскупам-вікарыем Альбінам Сымонам 23 ліпеня 1864 года[1].
У 1881—1882 гадах касцёл рамантаваўся. На пачатку XX стагоддзя парафіян было няшмат, і ў асноўным яны складаліся з мясцовай шляхты[3]
За савецкім часам будынак быў адабраны ў католікаў і ў 1950 годзе перабудаваны ў дом культуры, пазней выкарыстоўваўся як кінатэатр[4]. У 2019 годзе будынак быў вернуты адноўленай каталіцкай грамадзе і 11 жніўня таго ж года ў ім адбылася першая за доўгі час імша, якую ўзначаліў дапаможны біскупАляксандр Яшэўскі. Душпастырам прызначаны ксёндз Павел Адамовіч[5].
Арыгінальны выгляд будынка ўключаў дзве вежы з двума дубовымі крыжамі, абабітымі белай бляхай, пад імі — латунныя шары, памаляваныя алейнай фарбай. На сярэдзіне франтона знаходзіўся чыгунны крыж вагой 12 пудоў. Бабінец быў аддзелены ад асноўнага аб’ёма каменнай сцяною з 4 дзвярыма. Прэзбітэрый аддзяляўся кратамі. Даўжыня пабудовы складала 12, шырыня — 7, вышыня — 10 сажаней[1].
У касцёле мелася тры алтары. Галоўны алтар, камень з мошчамі святых, змяшчаў уверсе трон з выявай Святой Тройцы і Збаўцы ў цярновым вянку. Па баках трона змяшчаліся 8 калонак. Над тронам і галоўным алтаром была ўладкавана драўляная капліца з копіяй абраза Бялыніцкай Божай Маці. Над алтаром — абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, напісаны на палатне ў драўлянай пазалочанай раме.
Другі алтар — драўляны з левага боку, разны, з упрыгожаннямі і пазалотай, меў камень са святымі мошчамі, абраз Святога Іосіфа, над ім абраз Святога Казіміра на палатне. З правага боку знаходзіўся трэці алтар, такі ж, як і правы, з абразом Святога Антонія на палатне[1].
Усяго быў 21 абраз у храме. На вежы віселі 3 званы, вагой адпаведна 8 пудоў 9 фунтаў, 4 пуды 36 фунтаў і 2 пуды.
Пробашчы
Раймунд Комбар, Афанасій Амбражэвіч, Іпаліт Кантэйка, Дам’ян Баневіч, Філіп Вітарт (у перыяд 1812—1840).
↑Żyskar F. J.. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 6: Dekanat klimowicko-mścisławski. Dekanat czerykowo-czausowski. С.93—94
↑Славутасці Чэрыкаўскага раёна(руск.)(недаступная спасылка). Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт (30 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 22 лістапада 2019. Праверана 17.11.2019.
↑к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5., С.369
Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 6: Dekanat klimowicko-mścisławski. Dekanat czerykowo-czausowski.. — Warszawa — Petersburg, 1913.