Народны артыст Літоўскай ССР[d]
Канстанцін Міхайлавіч Галкоўскі (літ.: Kostantinas Galkauskas; 16 чэрвеня 1875(1875-06-16), Вільня — 20 лютага 1963(1963-02-20), Вільня) — беларускі і літоўскі кампазітар, дырыжор і педагог. Народны артыст Літоўскай ССР (1955)[1].
Нарадзіўся 16 чэрвеня 1875 года ў Вільні. Беларус. Бацька яго паходзіў з Магілёўшчыны, а маці — з Міншчыны.
У 1908 годзе скончыў Пецярбургскую кансерваторыю[1], вучань М. Рымскага-Корсакава, А. Глазунова, А. Лядава. Яго дыпломнай працай была трохактовая опера «Цыганы» па паэме А. Пушкіна. За гэтую дыпломную працу, як прыгадваў Рыгор Шырма, Канстанціну Галкоўскаму педагагічная рада кансерваторыі ў 1908 годзе прысудзіла залаты медаль. З 1908 года на педагагічнай працы, з 1945 года — у кансерваторыі[1]. Прафесар Літоўскай кансерваторыі.
Па вайне кантактаваў з тымі са старэйшага пакалення беларусаў, хто жыў у Вільні і не быў рэпрэсаваны. З Беларусі часта да яго заязджалі Максім Танк, Рыгор Шырма. У 1959 годзе ў яго гасціў беларускі пісьменнік і перакладчык Алесь Траяноўскі.
Памёр 20 лютага 1963 года ў Вільні. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.
Аўтар многіх твораў заснаваных на беларускім фальклоры, музыкі рамансаў і хораў на вершы беларускіх паэтаў Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Зм. Бядулі, К. Буйло, апрацовак беларускіх народных песень і народных харавых сюіт «Дуда» і «Каханне» (апошняя — з сімфанічным аркестрам)[1].
Апрацоўкі і арыгінальныя хары Галкоўскага ўваходзяць у рэпертуар Дзяржаўнай харавой капэлы БССР[1].