Канстанцін Мікалаевіч Салаўёў (30 сакавіка 1933, Ленінград — 17 мая 2023, Мінск) — беларускі вучоны ў галіне спектраскапіі і люмінесцэнцыі шмататамных малекул. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994), доктар фізіка-матэматычных навук (1970), прафесар (1976).
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1956).
У 1959—1972 гадах малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, у 1972—1992 гадах загадчык лабараторыі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава АН Беларусі, у 1992—2006 гадах загадчык лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2007 гадах галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[1].
Дзяржаўная прэмія БССР (1980) за цыкл работ «Фатоніка біялагічна важных пігментаў і іх аналагаў». Дзяржаўная прэмія СССР (1986) за цыкл работ «Фотавыпальванне стабільных спектральных правалаў і селектыўная спектраскапія складаных малекул».
Навуковыя працы па вывучэнні палярызацыі люмінесцэнцыі, электронна-вагальных спектраў, электроннай структуры ўзбуджаных станаў малекул тыпу хларафіла і працэсаў пераўтварэння энергіі светлавога ўзбуджэння ў малекулярных сістэмах на іх аснове. Вызначыў сіметрыю малекул парфірынаў і металапарфірынаў. Даў агульную і дэталёвую інтэрпрэтацыю электронна-вагальных спектраў парфіну і яго аналагаў. Даследаваў нізкатэмпературныя рэакцыі фотатаўтамерызацыі парфірынаў, вывучэнне якіх паклала пачатак новаму напрамку ў малекулярнай спектраскапіі высокага разрашэнню — фотавыпальвання стабільных спектральных правалаў.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 5 манаграфій, 14 вынаходстваў.