Канстанцін Агапаронавіч Арбеля́н (арм.: Կոնստանտին Օրբելյան; 29 ліпеня 1928 — 24 красавіка 2014) — армянскі піяніст, дырыжор, кампазітар. Народны артыст СССР (1979).
Канстанцін Арбелян нарадзіўся 29 ліпеня 1928 года ў Армавіры (паводле іншых звестак у Баку) у сям’і нашчадкаў армянскай княжацкай дынастыі Арбелян, кіраўнікоў Сюніка.
У раннім дзяцінстве ў яго выявіліся музычныя здольнасці і ён паступіў у школу для адораных дзяцей пры Бакінскай кансерваторыі, але пасля таго як у 1936 годзе былі рэпрэсаваныя яго бацькі, быў выключаны з гэтай школы і змушаны зарабляць піяністам у Бакінскім інстытуце фізкультуры і спартыўным таварыстве «Буравеснік».
У 1942 годзе яго ўзялі піяністам і акардэаністам у ваенны аркестр 8-га знішчальнага авіяцыйнага корпуса СПА. У 1943 годзе падчас гастроляў у Ерэване на таленавітага музыканта звярнуў увагу кіраўнік эстраднага аркестра Арменіі Арцемій Айвазян і запрасіў у свой калектыў, дзе з 1943 па 1952 гады ён працаваў спачатку ў якасці піяніста, а потым дырыжора.
З 1945 года спрабаваў сябе як кампазітар. Для аркестра рабіў апрацоўкі народных песень і складаў свае, першая з якіх — «Калыханка». У 1952 годзе паступіў у Музычнае вучылішча імя Р. А. Мелікяна (цяпер Ерэванскі дзяржаўны музычны каледж імя Р. Мелікяна), вучобу ў якім сумяшчаў з працай канцэртмайстра ў Ерэванскім тэатры оперы і балета.
У 1954 годзе з адзнакай скончыў вучылішча і паступіў у Ерэванскую кансерваторыю (скончыў у 1961 годзе па класе кампазіцыі ў Э. М. Мірзаяна).
У 1954 годзе арганізаваў на радыё інструментальны квінтэт. У 1956 годзе быў прызначаны дырыжорам і мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага эстраднага аркестра Арменіі і, прапрацаваўшы на гэтай пасадзе 36 гадоў, вывеў яго ў лік вядучых джазавых калектываў СССР. З аркестрам гастраляваў больш чым у 40 краінах свету.
Неаднаразова запрашаўся ў якасці члена журы на міжнародныя джазавыя конкурсы. У 1992 годзе Канстанцін Арбелян з’ехаў у ЗША. Жыў і працаваў у Лос-Анджэлесе. Памёр 24 красавіка 2014 года ў Лос-Анджэлесе. Развітанне ў Ерэване адбылося 11 мая. Пахаваны ў пантэоне парка імя Камітаса.