Канстанцін I Асень Ціх — цар Балгарыі з 1257 па 1277 гады.
Паходжанне
У 1257 годзе Канстанцін I, сын баярына Ціха са Скоп’я быў выбраны баярамі новым царом. У наступнай вайне ранейшы цар Міца Асень быў разбіты і ў 1261 годзе бег у Нікейскую імперыю да Міхаіла VIII Палеалога. Каб замацаваць сваё становішча як легітымнага кіраўніка, Канстанцін вырашыў пародніцца з кіруючай дынастыяй Асень і ажаніцца з Ірынай Ласкарынай, унучкай цара Івана Асеня II і дачкой імператара Феадора II Ласкарыса і Алены Балгарскай. З гэтага моманту яго называюць — Канстанцін I Асень Ціх.
Кіраванне
Скарыстаўшыся смутай у Балгарыі, венгерскі кароль Бела IV у 1259 годзе пачынае вайну. Пад кіраўніцтвам будучага караля Стэфана V, венгры захопліваюць гарады Відзін і Лом. Да 1261 года Канстанцін вярнуў страчаныя гарады.
У тым жа 1261 годзе пад відам помсты за асляпленне брата царыцы Канстанцін Ціх нападае на Канстанцінопаль, але цярпіць паражэнне, страціўшы амаль усю армію і ў 1264 годзе сумесна з мангольскімі войскамі Нагая прадпрымае паўторны паход супраць Візантыі. У 1268 годзе памірае царыца Ірына і імператар Міхаіл VIII Палеалог прапануе ў жонкі цару сваю пляменніцу Марыю, паабяцаўшы вярнуць захопленыя ў 1261 годзе гарады Месембрыя і Анхіяла. Канстанцін згаджаецца, але імператар абяцання не стрымаў і гарады не вярнуў, пачынаецца новая вайна. У 1274 годзе візантыйцам удалося прыцягнуць на свой бок татараў, пачынаюцца рэгулярныя набегі на поўнач Балгарыі.
У 1277 годзе незадаволенасць царом вылілася ў сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Івайлы, войскі, якія цар пасылаў для прыгнечання мецяжу або разбягаліся да сустрэчы з праціўнікам, або пераходзілі на бок Івайлы. У канцы таго ж года Канстанцін асабіста ўзначаліў армію, адбылася бітва, у якой царскія войскі былі разбіты і сам цар Канстанцін загінуў.
Сям’я
Канстанцін I быў жанаты тры разы. Імёны яго першай жонкі і дзяцей не вядомыя. Ад другой жонкі — Ірыны Ласкарыны (памерла ў 1268 годзе) дзяцей не было. Ад трэцяга шлюбу з Марыяй Палеалог (пляменніцай Візантыйскага імператара Міхаіла VIII[4]) у 1270 нарадзіўся сын Міхаіл II Асень, якога Канстанцін Ціх абвясціў сваім суправіцелем у 1272, аднак рэальнай улады Міхаіл II Асень ніколі не меў і яго звычайна не ўключаюць у спіс балгарскіх цароў.