Канды́к сібірскі[1] (Erythronium sibiricum) — від кветкавых раслін роду Кандык (Erythronium) сямейства Лілейныя (Liliaceae).
Батанічнае апісанне
Шматгадовая травяністая цыбульная расліна. Сцябло прамое, вышынёй да 35 см[1]. Лістоў 2. Яны супраціўныя, прыкаранёвыя, даўжынёй да 15 см, простыя, суцэльныя, на кароткіх чаранках, з гладкім краем, завостранай верхавінкай. Колер лістоў зялёны з чырванавата-карычневымі плямамі. Кветкі адзіночныя, лілова-ружовыя, часам белыя. Плод — каробачка.
Распаўсюджанне і экалогія
Эфемероід горных раёнаў Еўразіі. Распаўсюджаны ў паўднёвай Сібіры, у горных раёнах Манголіі, Кітая і Сярэдняй Азіі. Святлолюбівая расліна, мезафіт і мезатроф[2]. Расце на горных і тундравых лугах, у горнай тундры і хмызняках, на узлесках. Цвіце ў красавіку — пачатку мая. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна.
Від занесены ў Чырвоную кнігу Расіі, ахоўваецца на тэрыторыі шэрагу рэгіёнаў[2].
Гаспадарчае значэнне
Дэкаратыўная і лекавая расліна. Ранні меданос. Мясцовае насельніцтва выкарыстоўвае цыбуліны ў ежу. Таксама яны з’яўляюцца кормам для дзікай жывёлы.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі