Скончыўшы сярэднюю школу, паступіў у Львоўскі політэхнічны інстытут на факультэт машынабудавання. У 1907 годзе пасля заканчэння вучобы застаўся ў інстытуце ў якасці асістэнта па начартальнай геаметрыі. Да 1914 годзе ён ужо займаў прафесарскую пасаду.
У час Першай сусветнай вайны быў прызваны ў аўстра-венгерскую армію, у 1918 годзе вярнуўся ў Львоў. У 1919 годзе ў якасці камандуючага чыгуначнымі войскамі ўдзельнічаў у польска-ўкраінскай вайне на баку Польшчы. У тым жа годзе быў прызначаны міністрам чыгунак. У 1922—1930 гг. абіраўся членам польскага сейма.
Пасля дзяржаўнага перавароту ў маі 1926 года, здзейсненага Юзафам Пілсудскім, быў прызначаны прэм’ер-міністрам і займаў гэту пасаду тройчы на працягу чатырох гадоў з некаторымі перапынкамі, у час якіх Пілсудскі сам фармальна займаў гэту пасаду. У гэтыя перыяды Барталь быў намеснікам прэм’ер-міністра, міністрам рэлігіі і грамадскай асветы, але фактычна выконваў працу прэм’ера.
У 1930 г. Барталь сышоў з палітыкі і вярнуўся да акадэмічнай працы — стаў рэктарам Львоўскай палітэхнікі, а неўзабаве яму была прысуджана ганаровая ступень доктара навук і ён быў прыняты ў члены Польскай матэматычнай асацыяцыі. У гэты перыяд ён апублікаваў свае найбольш важныя працы, у тым ліку серыю лекцый пра перспектыву ў еўрапейскім жывапісе.
У 1937 годзе Барталь быў прызначаны сенатарам Польшчы. Пасля ўварвання Германіі ў Польшчу ў верасні 1939 года і наступнага далучэння Заходняй Украіны да СССР Барталь застаўся ў Львове. Яму было дазволена працягваць чытаць лекцыі ў Львоўскім політэхнічным інстытуце. У жніўні 1940 годзе група выкладчыкаў Палітэхнікі была запрошана ў Маскву з мэтай азнаямлення з савецкай сістэмай вышэйшай адукацыі[8]. У тым жа годзе па запрашэнні Акадэміі Навук СССР Казімеж Барталь з’ехаў у Маскву, дзе яму прапанавалі перакласці на рускую мову і выдаць яго падручнік па начартальнай геаметрыі[8].
Неўзабаве пасля нападу Германіі на СССР войска вермахта 30 чэрвеня 1941 занялі Львоў. Казімеж Барталь быў арыштаваны праз два дні. Першыя часы яго трымалі ў адносна неблагіх умовах — дазвалялася адпраўляць і прымаць пісьмы, а таксама абеды ад жонкі. Аднак прыкладна 21 ліпеня яго перавялі ў турму гестапа на Лонцкага[8], дзе ўмовы былі значна больш суровымі. Нацысты прапанавалі Барталю сфарміраваць і ўзначаліць польскі марыянетачны ўрад. Той адмовіўся і па загадзе Гімлера быў расстраляны 26 ліпеня1941 года неўзабаве пасля масавых пакаранняў смерцю яго калегаў. Месца яго пахавання застаецца невядомым. Страшныя сведчанні сведкаў пра забойства Казімежа Бартала і яго калегаў знаходзяцца ў матэрыялах Нюрнбергскага працэсу.