Дом інвалідаў, або Дзяржаўны Дом інвалідаў (фр.: L'hôtel national des Invalides) або проста Інваліды (Les Invalides) у Парыжы — архітэктурны помнік, будаўніцтва якога было пачата па загаду Людовіка XIV ад 24 лютага 1670 года як дом догляду заслужаных вайсковых ветэранаў («інвалідаў вайны»). Гэта быў адзін з першых (калі не першы) інвалідны дом у Еўропе. Сёння ён па-ранейшаму прымае інвалідаў, а таксама ў ім размяшчаюцца некалькі музеяў і некропаль вайскоўцаў.
Гісторыя
У 1670 г. кароль Францыі Людовік XIV прыняў рашэнне пабудаваць багадзельню для знявечаных і састарэлых салдат. Кіраўніцтва работамі ў парыжскім прыгарадзе Грэнель (Grenelle) было даручана прыдворнаму архітэктару Лібералю Бруану, які спраектаваў пяць двароў, з якіх самы вялікі ў цэнтры - каралеўскі. Работы вяліся з сакавіка 1671 па люты 1677, што даволі хутка, а першыя пенсіянеры засяліліся ў кастрычніку 1674 года. Першапачаткова ў Доме інвалідаў меркавалася размясціць 6000 ветэранаў, але пасля перапланіроўкі іх колькасць зменшылася да 4000.
Царква, першапачаткова спраектаваная Бруанам, верагодна, не спадабалася манарху, і яе будаўніцтва з сакавіка 1676 года было даручана Жулю Ардуэн-Мансару, які працаваў таксама над уваходнымі павільёнамі і шпітальнымі памяшканнямі. Будаўніцтва сабора цягнулася амаль трыццаць гадоў і было скончана толькі 28 жніўня 1706 года, у дзень уручэння каралю-сонцу ключоў. Будынак фактычна падвойны, хоць у архітэктурным плане складае адзінае цэлае: у нефе знаходзіцца салдацкая царква, а частка з купалам стала купальнай царквой. У 1873 годзе будынак быў канчаткова падзелены папалам вялікай шкляной перагародкай.
Калі ў 1710 годзе Дом інвалідаў утрымліваў 1500 жыхароў, то ў канцы XVIII стагоддзя Дом інвалідаў ператварыўся ў горад у мініяцюры, жыццё ў якім працякала ў строгім падначаленні збору царкоўных правіл і ваеннаму рэгламенту, - яго засялялі каля 4000 ветэранаў, аб'яднаныя ў роты пад камандаваннем афіцэраў і працавалі ў шавецкай і габеленай майстэрнях, а таксама ў майстэрні па размалёўцы гравюр.
Музеі Дому інвалідаў
Музей планаў і рэльефаў абгрунтаваўся ў Доме інвалідаў у 1777 годзе, пераехаўшы з палаца Цюільры. Калекцыя, пачатая ў 1668 годзе міністрам ваенных спраў пры Людовіку XIV, праз 30 гадоў налічвала ўжо 144 макета. Да нашых дзён захавалася каля ста.
Музей арміі (створаны ў 1905 годзе) аб'яднаў Музей артылерыі (існаваў з 1872 года, шматлікія яго экспанаты выстаўлены ва ўнутраным двары) і Музей гісторыі арміі (1896 год).