Дом па вуліцы Пірагова, 5 — будынак у г. Баранавічы. Знаходзіцца на вул. Пірагова, 5. Будынак выкарыстоўваецца пад гарадскі цэнтр здароўя.
Архітэктура
Пабудаваны ў стылі канструктывізму ў сярэдзіне 1930-х гадоў як жылы дом. Цагляны, атынкаваны, двухпавярховы, у цэнтральнай частцы, з бакоў прымыкаюць аднапавярховыя прамавугольныя ў плане прыбудовы. Дах плоскі шыферны.
У цэнтральнай частцы да задняга фасаду прымыкае паўкруглая двухпавярховая прыбудова з плоскім дахам. Вокны прамавугольныя, шырокія, дэкаратыўнае аздабленне адсутнічае. Унутры будынак мае шырокі хол, лесвіцу, якая вядзе на другі паверх, дзверы пакояў выходзяць на калідор[1].