Дом Броня — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе Інтэрнацыянальная вуліца, 4. Пабудаваны ў 1881 годзе з цэглы.
У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Праабражэнскай існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
Адразу пасля пажару мінскі мешчанін Моўша Бронь звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на пабудову на месцы знішчаных драўляных будынкаў аднапавярховага мураванага жылога дома. У 1881 годзе яго будаўніцтва было скончана. Гэта быў аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з высокім цокальным паверхам, накрыты двухсхільным дахам, які галоўным фасадам выходзіў на Праабражэнскую вуліцу[1].
У 1891 годзе Моўша Бронь зноў звярнуўся ў гарадскую ўправу з праектам на будаўніцтва яшчэ аднаго, ужо двухпавярховага, дома побач з існуючым[1].
У пачатку XX стагоддзя да аднапавярховага дома быў надбудаваны другі паверх. Адначасова да паўночна-ўсходняга фасада прыбудавана вонкавая лесвіца, якая вяла на другі паверх[1].
Гэтыя два будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на тэрыторыі пляца знаходзіліся мураваны флігель і гаспадарчыя пабудовы[1].
Пасля 1920 года былыя дамы Броня нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваліся пад камунальныя кватэры[1].
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынкі не пацярпелі і ў асноўным захавалі архітэктурны выгляд пачатку XX стагоддзя[1].
Падчас рамонту дэкаратыўная каваная агароджа канца XIX стагоддзя была заменена на сучасную. Да канца XX стагоддзя абодва будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[1].
Двухпавярховы, чатырохвугольны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае строгае кампазіцыйнае і дэкаратыўнае вырашэнне. Паверхі падзелены карнізным поясам. Плоскасць сцяны рытмічна члянёна на 1-м паверсе прамавугольнымі аконнымі праёмамі, на 2-м — лучковымі з сандрыкамі. Выкарыстоўваецца як жылы.