Дзмітрый Раўнейка (нар. 30 мая 1980, Гродна) — беларускі футбаліст (абаронца) і трэнер. У цяперашні час працуе трэнерам у клубе «Галф Юнайтэд» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Выхаванец гродзенскага «Нёмана», гуляў там у 1998—2002 гадах, потым гуляў у Расіі, з 2006 года зноў выступаў за родны клуб (з перапынкам у 2008 годзе, калі быў іграком магілёўскага «Дняпра»). У 2011—2012 гадах быў капітанам гродзенскай каманды.
Сезон 2013 распачаў, забіў па голу ў першых двух матчах (у браму мазырскай «Славіі» і бабруйскай «Белшыны»). Пасля ўжо галамі не адзначаўся, але рэгулярна гуляў у аснове, звычайна на пазіцыі правага абаронцы, хоць часам і саступаў яе маладым ігракам.
У сезоне 2014 працягваў гуляць правым абаронцам. У жніўні і верасні 2014 года не гуляў з-за траўмы. 29 лістапада 2014 года ў матчы з «Белшынай» зламаў рабро ў сутыкненні[3], але застаўся на полі і пры ліку 0:2 на карысць «Белшыны» забіў гол, які паклаў пачатак перамозе «Нёмана» (выніковы лік 5:2). Гэты матч стаў апошнім у кар’еры Дзмітрыя.
У студзені 2015 года з’явілася інфармацыя, што Раўнейка можа пакінуць «Нёман»[4]. Дзмітрый адсутнічаў у камандзе падчас перадсезоннай падрыхтоўкі, падтрымліваючы форму самастойна[5]. У сакавіку 2015 года галоўны трэнер гродзенцаў Сяргей Саладоўнікаў заявіў, што Раўнейка не будзе выступаць у «Нёмане» ў сезоне 2015[6]. У выніку Дзмітрый, завяршыўшы кар’еру, перайшоў на трэнерскую працу.
Згуляў 8 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі.
Пасля заканчэння кар’еры атрымаў трэнерскую ліцэнзію і стаў працаваць у Акадэміі БФФ. У сакавіку 2017 года ўвайшоў у трэнерскі штаб моладзевай зборнай Беларусі[7]. У кастрычніку 2018 года стаў трэнерам у нацыянальнай зборнай Беларусі, замяніўшы Юрыя Жаўнова[8]. У чэрвені 2019 года, пасля прызначэння новым галоўным трэнерам зборнай Міхаіла Мархеля, застаўся ў яго штабе[9]. З 2021 года правацаў у зборнай пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева. У чэрвені 2023 года Кандрацьеў разам з усім штабам быў адпраўлены ў адстаўку, а пазней Раўнейка не ўвайшоў у штаб новага трэнера Карласа Алоса.
У пачатку 2024 года далучыўся да трэнерскага штаба клуба «Галф Юнайтэд» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў[10].
У жніўні 2023 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі PRO[11].