Дзмітрый Платонаў (нар. 7 лютага 1986, Мінск) — беларускі футбаліст, нападнік.
Брат-блізнюк Дзмітрыя, Павел, таксама футбаліст.
Упершыню заявіў аб сабе ў 2005 годзе, гуляючы за «Зорку-БДУ». Потым два сезоны гуляў за барысаўскі БАТЭ, у шэрагах якога двойчы стаў чэмпіёнам краіны. Не праходзячы ў асноўны склад барысаўскага клуба, пайшоў у арэнду ў «Граніт», потым гуляў за «Шахцёр». У пачатку 2010 года перайшоў у «Гомель». У сезоне 2010 у Першай лізе забіў за «Гомель» 25 мячоў, і клуб вярнуўся ў Вышэйшую лігу. У другой палове сезона 2011 не гуляў па прычыне траўмы.
У студзені 2013 года перайшоў у «Тарпеда-БелАЗ»[3]. Пачаў сезон іграком асновы, але ў красавіку атрымаў траўму і выбыў на месяц. Адразу пасля вяртання, 12 мая 2013 года, адзначыўся хет-трыкам у вароты мазырскай «Славіі». У чэрвені 2013 года атрымаў чарговую траўму, з-за якой выбыў да канца сезона.
У студзені 2014 года падоўжыў кантракт з «Тарпеда-БелАЗ»[4]. Пачатак сезона 2014 прапусціў з-за траўмы, а потым звычайна ўзмацняў жодзінцаў пасля выхаду на замену. У канцы сезона стаў з’яўляцца ў стартавым складзе на пазіцыі цэнтральнага нападніка. Усяго за сезон 2014 забіў 6 галоў, з іх 4 — пасля выхаду на замену.
У лютым 2015 года чарговы раз падоўжыў кантракт з жодзінскім клубам[5]. У сезоне 2015 здолеў з 7 галамі стаць найлепшым бамбардзірам клуба ў чэмпіянаце. Па заканчэнні тэрміну кантракта ў лютым 2016 года пакінуў Жодзіна[6].
У сакавіку 2016 года перайшоў у юрмальскі «Спартак»[7]. Дапамог «Спартаку» стаць чэмпіёнам Латвіі, а сам з 12 галамі стаў другім бамбардзірам чэмпіянату 2016.
У студзені 2018 года стаў іграком іншага латвійскага клуба — РФШ[8]. Пачынаў сезон у асноўным складзе, але пазней стаў звычайна заставацца на лаўцы запасных. У снежні 2018 года стала вядома, што латвійскі клуб не стане падаўжаць кантракт з нападнікам на наступны сезон[9].
У пачатку 2019 года праходзіў прагляд у брэсцкім «Дынама», але не падышоў[10] і вырашыў завяршыць прафесійную кар’еру[11].
Гуляў за моладзевую зборную Беларусі.