Даніла Кіш нарадзіўся ў Субаціцы (правінцыя Ваяводзіна) у 1935 годзе ў змяшанай сям'і: бацька, Эдвард Кіш, народжаны Кон — венгерскі яўрэй, а маці, Міліца Драгічавіч — сербка з Чарнагорыі. Гэта змяшанае паходжанне, разнастайнасць культурных уплываў (Ваяводзіна з'яўляецца домам для некалькіх дзясяткаў этнічных груп), як і наступныя перамяшчэнні Кіша па розных краінах і культурах, шмат у чым вызначылі інтэрнацыянальны характар яго творчасці. Сам Кіш так казаў пра ўплыў сям'і на яго творчасць:
«Ад сваёй маці я атрымаў у спадчыну схільнасць да апавядальнага змешвання фактаў і легенд, а ад бацькі — патэтыку і іронію. Мая маці чытала раманы да дваццаці гадоў, калі яна ўсвядоміла, не без шкадавання, што раманы гэта „выдумка“, і адмовілася ад іх раз і назаўжды. Гэта непрыязнасць да „пустых выдумак“ прысутнічае латэнтна і ў мяне.»
Кіш быў хрышчоны па сербскім праваслаўным абрадзе ў Новым Садзе ў 1939 годзе. Цалкам магчыма, што гэта выратавала яму жыццё. Венгрыя, якая акупавала Ваяводзіну ў час Другой сусветнай вайны, актыўна ўжывала антыяўрэйскае заканадаўства. Бацька Кіша, які працаваў старэйшым інспектарам дзяржаўных чыгунак, быў арыштаваны ў 1944 г. і адпраўлены ў Асвенцім, дзе і загінуў.
У 1947 годзе Даніла Кіш разам у сваёй маці і старэйшай сястрой Даніцай былі рэпатрыяваны з дапамогай Чырвонага Крыжа з заходняй Венгрыі (куды сям'я Кішаў пераехала падчас вайны) у Цэтынэ ў Чарнагорыі, на радзіму маці. Тут Кіш скончыў гімназію і ў 1954 г. паступіў на зноў створанае аддзяленне параўнальнай літаратуры філасофскага факультэта Бялградскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1958 годзе Кіш працягнуў паслядыпломную адукацыю ва ўніверсітэце да 1960 г., калі ён абараніў выпускную працу па тэме «Пра некаторыя адрозненні рускага і французскага сімвалізму».
У 1962 г. бялградскім выдавецтвам «Космас» была апублікавана першая кніга Кіша «Гарышча» (вядомая таксама як «Мансарда»). На працягу наступных дзесяці гадоў Кіш апублікаваў некалькі кніг, якія зрабілі яго адным з найбольш прыкметных югаслаўскіх аўтараў, што было адзначана прэстыжнай прэміяй НІН у 1973 г. У гэтым жа годзе Кіш пераехаў у Францыю, каб выкладаць сербска-харвацкую мову ва ўніверсітэце Бардо. У наступныя гады ён жыў у Францыі, сумяшчаючы літаратурная творчасць з выкладаннем сербска-харвацкай мовы і югаслаўскай літаратуры ва ўніверсітэце Ліля (1979—1985). Разам з тым, Кіш прыводзіў шмат часу ў Югаславіі, асабліва ў Бялградзе і Чарнагорыі.
Даніла Кіш быў у першым шлюбе з Мір'янай Міячынавіч (Mirjana Miočinvić), а пасля разводу з ёй у 1981 г. і да канца жыцця жыл з Паскаль Дэльпеш (Pascale Delpech), якая стала перакладчыцай яго кніг на французскую мову.
Даніла Кіш памёр ад раку лёгкіх у Парыжы 15 кастрычніка 1989 г. ва ўзросце 54 гадоў. Па сваім жаданні Данілу Кіш быў пахаваны ў Бялградзе па праваслаўным абрадзе.
Творчасць
Пісаў апавяданні, раманы, драматургію, паэзію, эсэ і палемічныя артыкулы. Перакладчык з англійскай, рускай, французскай і венгерскай моў. Першую кнігу, якая складалася з двух невялікіх раманаў «Мансарда» і «Псалм 44», выдаў у 1962 годзе.
Узнагароды і прызнанне
Кіш быў узнагароджаны Вялікім Залатым арлом г. Ніца (1980), ён — лаўрэат югаслаўскай літаратурнай прэміі НІН 1973, прэміі імя Іва Андрыча (1984), італьянскай прэміі Тыбра (1988). У 1990 годзе Кіш быў ганараваны ПЕН-Клубам ЗША прэміі Бруна Шульца як лепшы замежны аўтар года. У 1988 г. Кіш быў абраны членам-карэспандэнтам Сербскай акадэміі навук і мастацтваў.