Георгій Аляксандравіч Антанюк (нар. 13 лістапада 1942, в. Мацы, Кобрынскі раён) — беларускі філосаф, доктар філасофскіх навук (1991), прафесар (1993), сацыёлаг, даследчык прадметнай логікі, метадолаг сістэмнага падыходу ў сацыялогіі, адзін з першых распрацоўшчыкаў метадалогіі сістэмнага падыходу ў сацыялагічным даследаванні.
Пасля заканчэння Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума служыў у Савецкай арміі.
Скончыў філасофскі факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыяльнасць — філасофія (1965—1970).
Вучыўся ў аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР (1970—1973). З 1973 года малодшы, потым старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР.
У 1974 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Системный подход в социологическом исследовании».
З 1980 года да чэрвеня 2004 года — выкладчык на кафедры філасофіі НАН Беларусі (старшы выкладчык, дацэнт, прафесар).
У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Социальное проектирование (теоретико-методологический аспект)». Доктарская дысертацыя прысвечана метадалогіі праектавання сацыяльных адносін.
Быў наватарам у распрацоўцы метадалогіі сацыяльна-інжынернага праектавання, прысвяціў гэтай тэме шэраг грунтоўных работ. З 1990-х гадоў паступова пераходзіць да крытычнага пераасэнсавання філасофіі і ў цэлым ідэалогіі як крыніцы аб’ектыўнага пазнання. Даследуе агульнасацыяльныя і агульнафіласофскія праблемы, вывучае праблемы сістэмнага падыходу ў сацыялагічным даследаванні, метадалогіі навуковага пазнання, а таксама маралі, палітыкі, ідэалогіі і дзяржаўнага будаўніцтва, рэлігіі, нацыянальна-этнічных адносін і інш.
Апублікавана звыш 70 навуковых работ. Аўтар шэрагу прац: «Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методологический аспект» (1986), «Социальное проектирование в процессе практического применения социальных знаний» (1992), «Социальная идеализация, идеология и общество» (1998), «Объективная цель человечества и его стандартизация» (2003) і інш.
З 1992 года Георгій Аляксандравіч рэгулярна публікуецца ў СМІ па розных актуальных праблемах Беларусі і Расіі, і праблемах, якія існуюць ва ўзаемаадносінах паміж гэтымі краінамі.
Пазнаёміўся з будучай жонкай Любоўю Бендэга восенню 1970 г.у аспірантуры Акадэміі навук БССР. Праз год пара ажаніліся і жыла ў інтэрнаце на вуліцы Акадэмічнай Вяселле адсвяткавалі ў інтэрнаце, а пасля на Усходнім Палессі ў вёсцы Буда Хойніцкага раёна, дзе жыла маці Любові, і на Заходнім Палессі ў вёсцы Мацы Кобрынскага раёна, дзе жылі бацькі Георгія. У восень 1972 г. нарадзілася першая дачка – Надзея, потым зімой 1977 г. другая дачка – Марына, якая стала філолагам і мовазнаўцам, а зімой 1989 г. – сын Аляксандр[1].