Галіна Валянцінаўна Пальянава (нар. 7 лістапада 1980, Свіслач, Гродзенская вобласць) — лінгвістка, перакладчыца[2].
Біяграфія
Скончыла Свіслацкую сярэднюю школу № 1 імя Кастуся Каліноўскага з залатым медалём. Без уступных экзаменаў залічана ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт як пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Стажыравалася ў Люблінскім універсітэце імя М. Складоўскай-Кюры і Чанстахоўскай вышэйшай педагагічнай школе. У сакавіку—ліпені 2003 года вучылася ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Скончыла БДУ з адзнакай па спецыяльнасці «Славянская філалогія». Скончыла аспірантуру БДУ. У 2005—2006 гадах вучылася ў Вроцлаўскім універсітэце па праграме Ураду Рэспублікі Польшча для маладых вучоных.
Кандыдат філалагічных навук. Абараніла дысертацыю па тэме «Дзеяслоўныя дэрывацыйныя спалучэнні ў сучаснай польскай мове». У 2008 годзе атрымала дыплом за найлепшую дысертацыю, прысвечаную польскай тэматыцы, на конкурсе навуковых работ пад патранатам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Даследуе з’яву аналітызму ў славянскіх мовах, аўтар манаграфіі «Глагольные деривационные сочетания в современном польском языке» (Мінск, 2010).
Вымушана звольнілася з пасады дацэнта БДПУ імя М. Танка[3]. З 2011 года перакладчыца ў Пасольстве Польшчы[4].
Супрацоўнічае з былым міністрам замежных спраў і вядомым калекцыянерам Пятром Краўчанкам. У 2015 годзе падчас урачыстасцей да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага, арганізаваных пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, адбылася прэзентацыя невядомых лістоў і дакументаў роду Агінскіх з перакладам на беларускую мову, пра што была публікацыя ў «Звяздзе» ад 4 лістапада 2015 года. Праца над перакладамі лістоў і дакументаў, важных для беларускай гісторыі і культуры, працягваецца. Іншыя культурныя праекты: выставы «Социальные последствия Первой мировой войны в архивных материалах» (Мінск, 2014), «Пілігрым свабоды» (Нацыянальны мастацкі музей, Мінск, 22 кастрычніка 2015), «Хрышчэнне 966. Ля вытокаў Польшчы» (Касцёл св. Сымона і св. Алены, Мінск, 25 верасня 2016), паказ дакументальных фільмаў «Мир Иосифа» і «Стелла» (Гродна, 20 лістапада 2016), выстаўка ў Нацыянальным мастацкім музеі і альбом «Польскі пейзаж. Францішак Рышард Мазурэк. Жывапіс» (Мінск, 2017), выстаўка «Святой крест против свастики» (Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінск, 12 снежня 2017), альбом «Радзівілы: лёсы краіны і роду» (Мінск, 2017), выстаўка «Рада дапамогі габрэям Жэгота» (Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Мінск, 19 красавіка 2018).
Супрацоўнічае з Ірынай Пальянавай (нар. 7.11.1980, скончыла з адзнакай Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы і магістратуру БДУ, магістр гуманітарных навук). Разам яны аўтары падручнікаў «Польский для всех: Читай. Слушай. Говори» (Масква, 2012, 2014, 2016), «Польский язык без трудностей перевода» (Мінск, 2016), «Język polski dla każdego. Польский для всех» (Мінск, 2017), «Język polski. Teksty do uzupełniania i tłumaczenia» (Мінск, 2018)[5], «Język polski dla każdego. Польский для всех. Polish for everyone» (Мінск, 2020, 2022), «Польский для всех. Сборник упражнений» (Мінск, 2023).
Перакладаюць з польскай мовы: Славамір Копер «Жанчыны Другой Рэчы Паспалітай» (Мінск, 2017, на беларускай мове), Рычард Цвірлей «Контрабанда без правил» (Мінск, 2019) і «Смертельный удар» (Мінск, 2020).
У пачатку 2025 года выдадзены «Медальёны» Зоф’і Налкоўскай на польскай, беларускай і рускай мовах: Zofia Nałkowska «Medaliony». Зоф’я Налкоўская «Медальёны». Зофья Налковская «Медальоны» (Мінск, «Новыя веды»). Навуковы кансультант — прафесар Аркадзь Маравец (Лодзінскі ўніверсітэт)[1]. Упершыню на беларускай мове. Упершыню без цэнзуры на рускай мове. У савецкім перакладзе (1974) дастаткова шмат недакладнасцей, а таксама не хапае асобных фрагментаў. Упершыню ў змененай версіі на польскай мове: з дазволу спадкаемцы пісьменніцы Яна Куяўскага напісана «w obozach śmierci na terenach Polski» замест «w polskich obozach śmierci», г.зн. «у канцлагерах на тэрыторыі Польшчы» замест «у польскіх канцлагерах». Пасля Другой сусветнай вайны людзі больш памяталі пра падзеі, ніякіх пытанняў наконт фармулёўкі не было, але ў апошнія гады сітуацыя змянілася, польскія ўлады пайшлі на дастаткова радыкальныя меры і забаранілі фармулёўку «польскія канцлагеры» на заканадаўчым узроўні. У новым выданні даюцца таксама спасылкі, у якіх пералічаны нямецкія назвы канцлагераў, больш вядомых пад польскімі назвамі.
Крыніцы
Спасылкі