Віталь Станіслававіч Чырвінскі (нар. 15 мая 1968, Мінск) — беларускі ваенны гісторык. Падпалкоўнік запасу. Галоўны гісторык Міністэрства абароны Беларусі[1].
У 1992 годзе скончыў Бакінскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Пасля выпуску накіраваны ў Беларусь, службу праходзіў у мотастралковых, танкавых і выведных падраздзяленнях. Падпалкоўнік[2].
У апошнія гады службы вырашыў паступіць на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які скончыў у 2010 годзе. Афіцэра заўважылі ў галоўным ваенным ведамстве Беларусі, дзе акурат бракавала прафесійных ваенных гісторыкаў, запрасіўшы на пасаду начальніка групы ваенна-гістарычнага і геральдычнага забеспячэння ваенна-навуковага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь[2].
Працаваў старшым выкладчыкам кафедры тактыкі ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. 29 кастрычніка 2020 года быў вымушаны звольніцца з акадэміі. Кіраўніцтва акадэміі пачало аказваць на яго ціск, пагражаючы звальненнем пасля таго, як ён быў заўважаны на дазволеным пікеце Святланы Ціханоўскай у час перадвыбарнай кампаніі ў жніўні таго ж года. Пасля яму выгаворвалі за тое, што ён быццам бы крычаў з балкона «Жыве Беларусь!» і за размешчаныя на вокнах уласнай кватэры белыя лісткі паперы (сімвал падтрымкі пратэстоўцаў)[3].
Аўтар шэрагу артыкулаў па ваеннай гісторыі Беларусі і ваенных дзеячаў. Выдаў кнігу «Беларусь у войнах» (2016).
У кнізе «Беларусь у войнах Расійскай імперыі» (2019) прадставіў ваенна-біяграфічны агляд аднаго з вырашальных перыядаў беларускай гісторыі. Праз кароткія цытаты, успаміны сучаснікаў і апісанне знешнасці аўтар імкнецца ажывіць гістарычныя партрэты прадстаўнікоў расійскага генералітэту, ваенных вучоных, вынаходнікаў і паўстанцкіх камандзіраў. Значную частку кнігі займаюць падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў: сотні бітваў, баёў і сутычак паўстанцаў Літвы-Беларусі з урадавымі войскамі, узаемны тэрор і трагічныя лёсы камандзіраў паўстанцкіх атрадаў.