Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009)
Віталь Рыгоравіч Гарановіч (7 студзеня 1952, в. Ермакі, Маладзечанскага раёна — 17 красавіка 2012, Глыбокае) — беларускі паэт, педагог.
Вучыўся ў Ермакоўскай васьмігадовай школе (1959—1967) і Хоўхлаўскай СШ (скончыў у 1969) Маладзечанскага раёна.
Служыў у Савецкай Арміі ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе (1970—1972). Пасля пэўны час працаваў у выдавецтве «Вышэйшая школа», затым на паліграфічнай фабрыцы «Чырвоная зорка» ў Мінску.
Скончыў філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1977). Пасля інстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Задарожскай васьмігадовай школы, у 1979—1983 гадах дырэктарам Кіраўскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна. У 1983—2004 — дырэктар СШ № 3 у Глыбокім. З 2004 года старшыня Глыбоцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Сябра Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы.
Памёр 17 красавіка 2012 года ў Глыбокім[1]. Пахаваны на могілках в. Рабунь Вілейскага раёна[2].
У школьны час яго вершы публікаваліся ў часопісе «Бярозка», раённай газеце «Святло камунізму». У гады службы ў арміі супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Слава Родины» Прыкарпацкай ваеннай акругі. Студэнтам друкаваўся ў інстытуцкай газеце «Савецкі настаўнік». У 1978 годзе выйшла падборка вершаў у часопісе «Маладосць», а таксама публікацыя вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З гэтага часу рэгулярна публікуецца ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку.
Удзельнік літаратурных семінараў у Каралішчавічах. У 1997 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў першы зборнік вершаў «Беразвечча», які быў адзначаны складальнікамі анталогіі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла» як «…хоць запозненая, але яркая кніга». Наступныя лірычныя зборнікі — «Святло блакіту» (2002), «Саракі» (2007), «Нараджэнне вады» (2011) выйшлі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». У 2003 годзе ў «Беларускі кнігазборы» выйшаў зборнік песень «Глыбоцкі вальс» (у суаўтарстве з самадзейным кампазітарам Галінай Шакола).
Лаўрэат літаратурнай прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2009) за кнігу вершаў «Саракі».