Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1980)
Віктар Пятровіч Маркавец (5 жніўня 1947, Докшыцы — 17 верасня 2013) — беларускі мастак-жывапісец.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1971). Вучыўся ў І. Ахрэмчыка. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Удзельнік мастацкіх выставак з 1971 года. Член Беларускага саюза мастакоў (1977). Узнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі (1980).
Разам з Марачкіным, Караткевічам, Чарняўскім браў удзел у дысідэнцкай групе беларускай інтэлігенцыі «На Паддашку», належаў да незалежнай суполкі мастакоў «Пагоня». У 1989—1990 гг. у творчай майстэрні Віктара Пятровіча ў старым горадзе на вул. Дзімітрава, прайшла большасць паседжанняў Сойма БНФ «Адраджэньне»[1].
Творчасць вылучаецца адзінствам кампазіцыйнага і колеравага вырашэння і строгай акрэсленасцю малюнка. Маркавец рэканструяваў партрэты знаных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры — Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў цэлую серыю прац, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму.
З 1992 года плённа супрацоўнічаў з паэтам Алесем Разанавым. Першым іх супольным праектам стала серыя з шасці карцін, аб’яднаных назвай «Яйкаквадраты». Потым былі яшчэ «Іствы», «Адваротная сіметрыя». Малюнкі з «Яйкаквадратаў» ляглі ў аснову мастацкага афармлення ўсіх апошніх кніг Алеся Разанава.
Разам з жонкай, мастацтвазнаўцам Таццянай Гаранскай, стварыў у Мінску арткавярню «Добрыя мыслі», якая праіснавала з 2001 па 2012 год (праведзена больш за трыста выстаў творчасці беларускіх мастакоў); збудавалі (1991—2013) у Заслаўі Сабор у імя ўсіх беларускіх святых (асвечаны ў 2013 г.); правялі ў Заслаўі шэраг гісторыка-мастацкіх выстаў, дзе рэканструявалі і аднавілі выявы і вобразы тысячагадовай гісторыі Заслаўя; разам з мастакамі Заслаўя заснавалі ў 2002 годзе Творчае грамадскае аб’яднанне «Мастак», дзе на працягу 11 год Віктар Маркавец быў старшынёй.
Дачка Таццяна Маркавец — мастак ў тэхніцы выцінанкі і саломапляцення, мастацтвазнавец.
З 16 снежня 2015 па 10 студзеня 2016 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску адбылася рэтраспектыўная выстаўка твораў жывапісу Віктара Маркаўца «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада».[2]