Віктар Аляксандравіч Андросаў (12 ліпеня 1937(1937-07-12), Тбілісі — 17 сакавіка 2015(2015-03-17), Віцебск) — беларускі жывапісец, педагог.
Нарадзіўся 12 ліпеня 1937 года ў Тбілісі. Скончыў у 1969 годзе Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. Вучыўся ў А. Смірнова, В. Руднева, А. Зайцава, В. Сакалова, Л. Худзякова. У 1969—2002 гадах працаваў у мастацка-вытворчых майстэрнях, у 1975—1981 гадах выкладаў у Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 г[1].
Жыў у Віцебску. Памёр 17 сакавіка 2015 года[1].
Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Творам уласцівыя сюжэтнасць, рэалістычная трактоўка формы[1].
Сярод работ: тэматычныя кампазіцыі «Віцебск на парозе Новага года» (1999), «Народны паэт Беларусі Якуб Колас» (2000—2005), «Чарнобыльская трагедыя» (2005—2007), партрэты «Іна Аўчыннікава» (1988), «Салярцінскі Іван Іванавіч у 20-я гады» (1998), «Аўтапартрэт» (2007), пейзажы «Віцебск, вясна», «Беларуская зіма» (абодва 1992), «У краі блакітных азёр. Ушаччына» (1998), «Віцебск напярэдадні новага тысячагоддзя» (1999), «Зіма ў Віцебску» (2002), «Раніца на Палессі» (2003), «У краі блакітных азёр. Браслаўшчына» (2006), нацюрморты і інш[1].
Творы мастака знаходзяцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі[1].