Вялікі Артэзіянскі басейн (англ.: Great Artesian Basin) — вялізны падземны рэзервуар вады, размешчаны ў цэнтральнай Аўстраліі. Самы вялікі і глыбокі артэзіянскі басейн у свеце. Займае плошчу ў 1,7 млн км². Адзіная крыніца вады ў засушлівых раёнах цэнтральнай Аўстраліі.
Геаграфія
Вялікі Артэзіянскі басейн займае 22 % плошчы Аўстралійскага кантынента ў межах чатырох адміністрацыйных адзінак, уключаючы большую частку штата Квінсленд, паўночную частку Новага Паўднёвага Уэльса, паўночны ўсход Паўднёвай Аўстраліі і паўднёва-ўсходні куток Паўночнай тэрыторыі. Цягнецца на 2400 км з поўдня на поўнач, дзе абмежаваны морам, і на 1200 км з захаду на ўсход, да ўзгоркаў Дарлінга. Басейн прасціраецца да глыбіні 3000 м і змяшчае каля 65 тыс. км³ вады, што дастаткова, каб 130 тыс. разоў напоўніць Сіднейскую гавань[1].
Геалогія
Водапранікальныя слаі складаюцца з пясчаніку і чаргуюцца з водатрывалымі гліністымі пародамі, залягаюць слаі парод сінклінальным чынам (увагнутымі складкамі). Зона жыўлення прыпадае на ўзгоркі Дарлінга — заходнія перадгор’і Вялікага Водападзельнага хрыбта. Тут ападкі — даволі багатыя — праточваюцца ў пясчанікі, і вада паступова рухаецца па нахільна залеглай пародзе паміж вадаўпорнымі слаямі. Дайшоўшы да сярэдзіны складкі, вада працягвае рух, цяпер ужо да паверхні, і шмат дзе выходзіць з-пад зямлі струменьчыкамі крыніц.
Уласцівасці вады
Салёнасць вады складае 0,5—1,5 праміле, што дазваляе разглядаць яе як прэсна-саланаватую. Тэмпература вар’іруецца ў межах ад 30 °C на невялікай глыбіні да 100 °C на дне басейна. Лабараторныя даследаванні паказалі, што максімальны ўзрост вады складае 2 млн гадоў[1].
Роля для чалавека
Для арашэння, а тым больш для піцця саланаватая вада Басейна лічыцца непрыдатнай.
Шматлікія крыніцы ігралі значную ролю ў жыцці і культуры абарыгенаў, яны фігуруюць у мясцовых міфах і паданнях. Падчас засухі яны заставаліся адзінай крыніцай вады. Сённяшняе насельніцтва Басейна выкарыстоўвае яго ваду ў асноўным для патрэб жывёлагадоўлі і камунальнай гаспадаркі. Найглыбейшыя свідравіны дасягаюць глыбіні 2 км.