«Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне» — камп’ютарная гульня ў жанры action/RPG, распрацаваная польскай студыяй «CD Projekt RED». Выпушчаная 19 мая 2015 года на Windows, PlayStation 4 і Xbox One, затым 15 кастрычніка 2019 года на Nintendo Switch, яна з’яўляецца апавяданнем, якое працягвае гульні «Вядзьмар» (2007) і «Вядзьмар 2: Забойцы каралёў» (2011). Гэта трэцяя гульня, дзеянне якой адбываецца ў літаратурным сусвеце кніжнай серыі «Вядзьмар», створанай польскім пісьменнікам Анджэем Сапкоўскім, а таксама апошняя, якая апавядае пра прыгоды Геральта з Рывіі.
Гульня ў стылі цёмнага фэнтэзі, свет якой заснаваны на славянскай міфалогіі[10][11][12], апавядае пра ведзьмара Геральта з Рывіі, паляўнічага на монстраў, чыя прыёмная дачка Цыры знаходзіцца ў небяспецы, пераследуемая Дзікім Паляваннем — загадкавай тагасветнай сілай, таямніца якой раскрываецца па ходзе гульні. Многія дэталі сюжэту адсылаюць да кніг, напісаных Сапкоўскім, але сюжэт застаецца звязаным з першымі дзвюма часткамі і падводзіць вынік трылогіі, распачатай першай гульнёй, якая выйшла васьмю гадамі раней.
У адрозненне ад папярэдніх гульняў, дзеянне «Ведзьмара 3» адбываецца ў адкрытым свеце і факусуецца на выкарыстанні баявых і дэтэктыўных навыкаў Геральта для выканання заказаў і вывучэння навакольнага асяроддзя. Усё гэта — частка шматузроўневага асноўнага квэста з мноствам другарадных місій, які можа быць пройдзены з 36 рознымі канцоўкамі. Гульня была распрацавана за тры з паловай гады з бюджэтам, блізкім да бюджэтаў AAA-гульняў вялікіх заходніх студый. Яе стваральнікі хацелі пацвердзіць здольнасць еўрапейскіх студый распрацоўваць якасныя ролевыя гульні, у той час як гульня ўсё далей і далей адыходзіць ад кананічнага сюжэту літаратурнай сагі «вядзьмар», якая карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Польшчы.
Менш чым за год пасля рэлізу было прададзена больш за 10 мільёнаў копій. Гульня атрымала аднадушнае прызнанне публікі і крытыкаў, а таксама каласальны камерцыйны поспех. Яна заваявала рэкордную колькасць узнагарод «Гульня года» і лічыцца новым эталонам жанру, які пастаянна выкарыстоўваецца гульцамі і прафесіяналамі індустрыі ў якасці ўзору для ацэнкі якасці новых action/RPG-гульняў. У кастрычніку 2015 года і маі 2016 года былі выпушчаны два дапаўненні: «Каменныя сэрцы» і «Кроў і віно», а летам 2017 года была запушчана відэагульня, цалкам прысвечаная картачнай міні-гульні Гвінт — «Гвінт: Вядзьмар. Картачная гульня».