8 кастрычніка2022 года на аўтамабільнай частцы Крымскага моста з боку Таманскага паўвострава адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля, які пацягнуў за сабой узгаранне сямі паліўных цыстэрн чыгуначнага састава, што рухаўся ў напрамку Крымскага паўвострава. Здарылася частковае абвальванне двух аўтамабільных пралётаў[1]. У выніку здарэння загінулі чатыры асобы[2].
Транспартны пераход праз Керчанскі праліў, які злучыў Керчанскі паўвостраў на захадзе з Таманскім паўвостравам на ўсходзе, пачалі будаваць у лютым 2016 года, пасля расійскай анексіі Крыма. Расійскія ўлады назвалі будаўніцтва моста «гістарычнай місіяй», адной з ключавых задач для «канчатковага аб’яднання Крыма з Раіяй». У маі 2018 года быў адкрыты аўтамабільны мост, а ў снежні 2019 года ўведзены ў эксплуатацыю чыгуначны мост.
Украінскія чыноўнікі і вайскоўцы неаднаразова заяўлялі пра намер знішчыць Крымскі мост, разглядаючы яго як законную ваенную цэль[3]. Так, у жніўні 2022 года дарадца прэзідэнцкай адміністрацыі Міхаіл Падаляк заявіў у інтэрв’ю The Guardian: «Гэта незаконнае будаўніцтва і асноўныя вароты для забеспячэння расійскай арміі ў Крыме. Такія аб’екты павінны быць знішчаны»[4]. Генерал-маёр Узброеных сіл Украіны Дзмітрый Марчанка заявіў, што мост стане «мэтай нумар адзін», як толькі ва Украіны з’явіцца зброя для нападу на яго.
Падзея
8 кастрычніка 2022 года на праезнай частцы Крымскага моста з боку Таманскага паўвострава прагрымеў выбух. У прэс-службе Крымскай чыгункі заявілі, што ў 6:05 абсталяванне паказала памылку на чыгуначным пуці на чыгуначнай частцы моста, і ў хвасце грузавога цягніка загарэлася цыстэрна. У выніку выбуху разбурана некалькі пралётаў праезнай часткі, спынены аўтамабільны і чыгуначны рух[5]. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт паведаміў, што быў падарваны грузавік, у выніку чаго загарэліся сем чыгуначных цыстэрнаў з палівам.
Адказнасць за выбух спачатку ніхто не ўзяў, а ўкраінскія СМІ Українська правда і УНІАН са спасылкай на ўласныя крыніцы завілі, што гэта была аперацыя Службы бяспекі Украіны[6][7]. Старшыня СБУ Украіны Васіль Малюк пазней паведаміў, што асабіста распрацаваў і рэалізаваў аперацыю.
Рэакцыі
Украінская
Афіцыйны акаўнт украінскага ўрада ў Твітэры напісаў у адказ на пажар «sick burn» (бел.: «хворы апёк»), а дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў шкоду «пачаткам»: «Крым, мост, пачатак. Усё незаконнае павінна быць знішчана, усё скрадзенае павінна быць вернута ва Украіну, усё расійскае акупацыйнае павінна быць выгнана»[8].
Мінабароны Украіны параўнала разбурэнне Крымскага моста са знішчэннем крэйсера «Масква», напісаўшы: «Ракетны крэйсер „Масква“ і Керчанскі мост — два сумна вядомыя сімвалы расійскай улады ва ўкраінскім Крыме — апусціліся: „What’s next, Russkies?“» (бел.: «Што далей, рускія?»)[9][10][11].
Дырэктар Укрпошты Ігар Смілянскі анансаваў выпуск новага набору марак, прысвечанага гэтай падзеі[12].
Monobank[uk], другі паводле велічыні банк Украіны абвясціў аб выпуску новай дэбетавай карты з мостам[11].
Старшыня РНБА Аляксей Данілаў апублікаваў у сацсетках відэа з моста, а таксама відэа, на якім Мэрылін Манро спявае «Happy birthday, Mr President» (бел.: «З днём нараджэння, спадар Прэзідэнт»)[13]. Выбух прагрымеў праз дзень пасля дня нараджэння прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна[14].
У красавіку экс-прэзідэнт і намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў: «Адзін з украінскіх генералаў казаў пра неабходнасць удару па Крымскім мосце. Я спадзяюся, што ён разумее, што будзе мэтай у адказ»[15].
Міжнародная
— Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу вітаў выбух і выказаў здагадку, што за ім стаяў украінскі спецназ, нагадаўшы, што ўкраінскія ўлады даўно называлі Крымскі мост магчымай цэллю для ўдару[16].
— Польскідэпутат ЕўрапарламентаРоберт Бедрань сказаў: «Бальзам для сэрца, тым больш што ўчора быў дзень нараджэння Пуціна. Добра, што Пуцін атрымаў такі падарунак. Я спадзяюся, што ён атрымае больш. Украінцы знішчаюць незаконную інфраструктуру Расіі [у акупаваным Крыме]»[17][18].
Наступствы
Мінтранс РФ паведаміў аб аднаўленні паромнай пераправы праз Керчанскі праліў, якая працавала да будаўніцтва Крымскага моста[5]. Крым першапачаткова ўвёў абмежаванні на продаж прадуктаў і паліва. Праз дзве гадзіны стала вядома пра зняцце абмежаванняў у Севастопалі[19].
Крымскі мост з’яўляецца важнай часткай транспартнага злучэння Расіі з Крымам для паўднёвага тэатра ваенных дзеянняў расійска-ўкраінскай вайны. Чакаецца, што частковае разбурэнне Крымскага моста прывядзе да ўзмацнення праблем з забеспячэннем расійскіх войскаў у акупаваным Крыме і ва ўсёй паўднёвай частцы Украіны. Акрамя таго, з закрыццём моста мясцовым жыхарам становіцца цяжэй пакінуць Крым, хоць застаюцца іншыя шляхі, у тым ліку парты[20].
Не менш важны для Крамля сімвалічны характар разбурэння. Адкрыццё моста ў 2018 годзе лічылася адным з найвялікшых дасягненняў Пуціна. Пасля расійскага ўварвання ў 2022 годзе збудаванне было адным з найбольш ахоўных аб’ектаў[21]. За тыдзень да выбуху быў падпісаны ўказ аб анексіі чатырох украінскіх абласцей Расіяй, пасля чаго Расія працягвала пагражаць Украіне ядзернай зброяй у выпадку нападу на аб’екты на анексаваных тэрыторыях[20].
Расследаванне
Па распараджэнні У. Пуціна для расследавання абставін выбуху была створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі МНС, Мінтранса, ФСБ, МУС і Нацгвардыі. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце выбуху[22]. Прадстаўнікі спецслужбаў звярнулі ўвагу на змену, якая не змагла выявіць грузавік з выбухоўкай, нягледзячы на ўсталяваныя на пад’ездзе да моста комплексы для назірання за падазронымі грузамі[23].
Як паведамляе Следчы камітэт Расіі, у выніку выбуху загінулі тры чалавекі, у тым ліку мужчына і жанчына, якія знаходзіліся побач з грузавіком[24].
Паводле інфармацыі расійскага выдання «Коммерсантъ», эксперты прыйшлі да высновы, што бомба, якую выкарыстоўвалі для выбуху на мосце, была заснаваная на ракетным паліве і мела магутнасць 10 тон тратылавага эквіваленту. Асноўным зарадам стала сумесевае выбуховае рэчыва на аснове цвёрдага ракетнага паліва, якое змяшчае перхлараты калію або натрыю, а таксама дробнадысперсныя металы. Па іх версіі, самаробную бомбу схавалі пад поліэтыленавай плёнкай. Як сказана ў заключэнні, «для дэтанацыі» ўжылі выбуховае рэчыва на аснове гексагену. Схаваны пад плёнкай дэтанатар спрацаваў ад сігналу GPS-навігатара «ў момант праходжання загадзя зададзенага пункту маршруту»[25].