Ганаровая грамата Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь[d] (2018)
Вольга Уладзіміраўна Дадзіёмава (нар. 5 жніўня 1955(1955-08-05), Гомель) — беларускі гісторык музыкі. Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (2020).
Дачка беларускага пісьменніка Уладзіміра Дадзіёмава і выкладчыцы, філолага-беларусісіта Марыі Дадзіёмавай.
Скончыла сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Белдзяржкансерваторыі (1973), Белдзяржкансерваторыю (1978), аспірантуру Акадэміі навук Беларусі (1989).
Працавала ў Інстытуце культуры, з 1993 года — у Белдзяржкансерваторыі (Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі) дацэнтам, прафесарам, у 2005—2017 гадах — загадчыкам кафедры беларускай музыкі.
Важнейшы навуковы ўклад В. Дадзіёмавай — рэканструкцыя асноўных этапаў станаўлення айчыннай музычнай культуры (да XX ст.), вяртанне ў кантэкст гісторыі Беларусі вялікага пласта музычнай спадчыны. Даследчыца выявіла ў айчынных і замежных сховішчах і вярнула на Беларусь сотні музычных помнікаў і іншых гісторыка-культурных матэрыялаў, якія дазволілі разгарнуць буйнамаштабныя навуковыя, метадычныя і творчыя праекты.
Аўтар 5 манаграфій, 10 вучэбных дапаможнікаў і хрэстаматый, 7 нотных выданняў, 4 вучэбных праграм, 5 брашур, 4 фонахрэстаматый і больш за 300 артыкулаў, якія былі выдадзены ў Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Германіі, ЗША.
На аснове ўласных даследаванняў і фундаментальных публікацый распрацавала курс «Гісторыя музычнай культуры Беларусі да XX стагоддзя», які выкладаецца ва ўсіх ВНУ і сярэдніх навучальных установах культуры і мастацтва Беларусі.
Як кіраўнік вядучай беларусазнаўчай кафедры БДАМ здзейсніла арганізацыйную працу па ўмацаванні гэтай структуры, насычэнні яе інавацыйнымі праектамі, распаўсюду яе вядомасці ў музычным свеце.
Стварыла ўласную навуковую школу, падрыхтавала 6 кандыдатаў навук і больш за 20 магістраў і дыпломнікаў.
Актыўна ўдзельнічае ў міжнародных навуковых форумах (Мінск, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Валгаград, Вільня, Варшава, Франкфурт-на-Майне, Лондан і інш.), разнастайных, у тым ліку міжнародных, творчых праектах.
Аўтарка і вядучая больш за 50 тэлепраграм, соцень радыёперадач. Аўтар канцэпцыі і вядучая больш за 1000 гістарычных канцэртаў у старажытных цэнтрах Беларусі ў межах 170 асветніцкіх фестываляў у Беларусі і за мяжой.
Музычныя помнікі Беларусі, вернутыя даследчыцай з замежных сховішчаў, даследаваныя і апрацаваныя В. Дадзіёмавай, трывала ўвайшлі ў рэпертуар вядучых творчых калектываў Беларусі.
Працяглы час была членам і старшынёй Савета БДАМ па абароне дысертацый, членам Прэзідыума ВМА па адукацыі ў галіне культуры і мастацтва, членам экспертнай камісіі РІВШ і іншых структур, рэдакцыйных калегій часопісаў «Весці БДАМ», «Мастацтва», «ЛІМ», актыўна супрацоўнічае з НАН Беларусі, выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» і іншымі выдавецтвамі, а таксама з ЮНЕСКА.