прэмія Андрэя Белага[d] (1983)
Прэмія Аляксандра Салжаніцына[d] (2003)
ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта[d]
Вольга Аляксандраўна Седакова (руск.: Ольга Александровна Седакова; 26 снежня 1949, Масква) — руская паэтка, празаік, перакладчыца, філолаг і этнограф.
Нарадзілася 26 снежня 1947 года ў Маскве ў сям’і ваеннага інжынера. У 1973 годзе скончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, ў 1983 годзе — аспірантуру Інстытута славяназнаўства і балканістыкі АН СССР. Абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Абрадавая тэрміналогія і структура абрадавага тэксту (пахавальны абрад ўсходніх і паўднёвых славян)». З 1991 года — супрацоўнік Інстытута сусветнай культуры (філасофскі факультэт МДУ)[3].
Удзельнічала ў міжнародных канферэнцыях у Расіі і за мяжой, выступала з лекцыямі ва ўніверсітэтах Еўропы і ЗША, удзельнічала ў міжнародных паэтычных фестывалях у Італіі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, ФРГ.
З 1996 года з’яўляецца членам папячыцельскага савета Свята-Філарэтаўскага праваслаўна-хрысціянскага інстытута.
У сакавіку 2014 года разам з шэрагам іншых дзеячаў навукі і культуры выказала сваю нязгоду з палітыкай расійскай улады ў Крыме[4].
Сястра — лінгвіст І. А. Седакова (нар. 1955).
У школьныя гады наведвала літаратурную студыю пры Палацы піянераў. У 1962—1967 гадах яе вершы і паэмы друкаваліся ў газетах «Пионерская правда», «Комсомольская правда», «Московский комсомолец», часопісе «Вожатый», зборніку «Гадзіна паэзіі» (М., 1965). Пасля гэтага да 1989 года ў СССР як паэт практычна не друкавалася, першая кніга вершаў выйшла ў Парыжы ў 1986 годзе.
Злучае разнастайныя традыцыі ад славянскіх абрадавых песень да еўрапейскага неакласіцызму XX ст. Лірыка паэтычных цыклаў «Дзікая шыпшына» (1978), «Старыя песні» (1980—1981), «Кітайскае падарожжа» (1986) адзначана сталым духоўным пошукам, заўсёднай адкрытасцю новаму, ніколі не адварочваецца ад жыцця, якой бы цяжкай і непрывабнай вонкава яно ні было. Найбольш поўныя выданні напісанага Седаковай — двухтомнік «Вершы. Проза» (Масква, 2001) і 4-томнік «Вершы. Пераклады. Poetica. Moralia» (Універсітэт Дзмітрыя Пажарскага, Масква, 2010).
Друкавала пераклады з еўрапейскай літаратуры, філасофіі, тэалогіі (Францыск Асізскі, Дантэ, П’ер дэ Ронсар, Джон Дон, Стэфан Малармэ, Эмілі Дзікінсан, Райнэр Марыя Рыльке, Марцін Хайдэгер, Поль Кладэля, Паўль Цэлан, Томас Стернз Эліёт, Эзра Паўнд, Філіп Жакоте), артыкулы пра творчасць Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, паэтыку Веліміра Хлебнікава, Барыса Пастэрнака, Ганны Ахматавай, Восіпа Мандэльштама, Марыны Цвятаевай, Паўля Цэлана і іншых, мемуарныя нататкі пра Венедыкта Ярафеева, Леаніда Губанава, Віктара Крывуліна, Іосіфа Бродскага, Сяргея Авярынцава, Уладзіміра Бібіхінп, Міхаілп Гаспарава, Генадзя Айгу.
Лірыка і эсэ перакладзеныя на большасць еўрапейскіх моў, на іўрыт і кітайскую мову.
На тэксты Седаковай пісалі музыку Аляксандр Вусцін, Пётр Старчык, Валянцін Сільвестраў, Вікторыя Палявая, Віктар Капыцько, Таццяна Алёшына і іншыя.
Шмат часу праводзіць на дачы ў Азараўцы, дзе напісала большасць сваіх тэкстаў і вершаў[5].