Вольга Аляксандраўна Сабалеўская (26 сакавіка 1974, Гродна — 18 кастрычніка 2019, Гродна[1]) — беларуская гісторык, культуролаг, вядучая спецыялістка па іўдаіцы[2].
Нарадзілася ў сям’і выкладчыкаў. Скончыла ў 1991 годзе СШ № 19, паступіла на факультэт гісторыі і культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Студэнткай пачала даследчыцкую працу ў мясцовых архівах, актыўна ўдзельнічала ў навуковых канферэнцыях. Тады ж з’яўляюцца і яе першыя навуковыя публікацыі, прысвечаныя культурнаму і гаспадарчаму жыццю гродзенскіх яўрэяў у XIX — пачатку XX ст. Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце зацікавілася гісторыяй яўрэйскай супольнасці на Беларусі.
Скончыўшы ў 1996 годзе вучобу з дыпломам па спецыяльнасці «выкладчык гісторыі і грамадскіх дысцыплін, настаўнік замежнай мовы (нямецкая)», яна паступае ў аспірантуру пры кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ўсяго праз тры гады абараняе дысертацыю па тэме «Яўрэі Беларусі: лад жыцця і культура (1772—1855)» на саісканне навуковай ступені кандыдата культуралогіі.
Атрымала навуковае званне дацэнта.
У 1999—2013 гадах выкладала ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы на кафедры культуралогіі. Адначасова яна стажыравалася ў Міжнароднай гуманітарнай школе ў Варшаве, Цэнтры навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў іўдаікі ў ВНУ «Сэфер» (г. Масква), Нямецкім гістарычным інстытуце ў Варшаве, Яўрэйскім універсітэце ў Іерусаліме, Яўрэйскім гістарычным інстытуце ў Варшаве і іншых навуковых цэнтрах, прымала ўдзел у шматлікіх навуковых канферэнцыях, рыхтавалася да працы над доктарскай ды сама рыхтавала аспірантаў.
Яе кар’ера ў дзяржаўным універсітэце скончылася пасля таго, як В. Сабалеўская ў 2008 годзе падтрымала байкот навуковай канферэнцыі, з якой па загадзе беларускіх чыноўнікаў былі выкраслены прозвішчы «апазіцыйных» прафесараў (Алеся Краўцэвіча і Алеся Смалянчука). Пасля гэтага на яе пачаўся ціск, і ў 2013 яна была змушаная звольніцца з універсітэта[3].
У 2013—2019 гадах — выкладчык ПУА «Беларускі інстытут правазнаўства — БІП (Гродна)».
Ужо ў сваёй першай кнізе «Спрадвечныя іншаземцы: старонкі гісторыі гарадзенскіх яўрэяў» (Гродна 2000), яна пастаралася расказаць пра гродзенскіх яўрэяў у кантэксце гарадскога жыцця канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў ва ўсіх яго сферах — ад эканомікі да культуры. Пазней В. Сабалеўская працягнула гэтую тэму ўжо ў больш разгорнута, выдала разам з Уладзімірам Ганчаровым працу «Евреи Гродненщины: Жизнь до Катастрофы» (Данецк, 2005), якая была цалкам прысвечана гісторыі яўрэяў-літвакоў Гродзеншчыны з 1795 па 1939 год. На старонках кнігі аўтары даследавалі спецыфічныя рысы кансерватыўнага свету яўрэйскай традыцыі і змены, якія адбываюцца ў ім пад уздзеяннем працэсаў мадэрнізацыі. Яны расказвалі аб трансфармацыі яўрэйскай абшчыны, традыцыйных занятках яўрэяў заходняга рэгіёну Беларусі і трансфармацыі структуры занятасці, аб некаторых аспектах палітычнага жыцця, у якім прымала ўдзел яўрэйскае насельніцтва, асабліва ў сферы сямейных адносін, дабрачыннасці, асветы і адукацыі.
Артыкулы В. Сабалеўскай, апублікаваныя ў шматлікіх навуковых выданнях Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Вялікабрытаніі, былі прысвечаны разнастайным бакам гісторыі яўрэяў рысы аселасці ў канцы XVIII — пачатку XX стагоддзяў: асаблівасцям іх эканамічнай дзейнасці ды сферы занятасці, культурнаму жыццю (арганізацыі асветы і сістэмы адукацыі, развіццю прыватных яўрэйскіх школ і дзяржаўнай сістэмы адукацыі для яўрэяў Расійскай імперыі, дабрачыннасці), спецыфіцы яўрэйскай медыцынскай сістэмы ды штодзённаму побыту яўрэйскага квартала. Для яе горад з’яўляўся дамінантай яўрэйскай культуры Беларусі, феноменам адначасова беднасці і багацця, сацыяльнага і індывідуальнага ў яўрэйскай культуры Беларусі эпохі традыцыі. Акрамя гэтага, у шэрагу публікацый В. Сабалеўская даследуе палітыку царскага ўрада ў дачыненні да яўрэйскай супольнасці і фарміраванне юрыдычнага статусу іўдзеяў у межах імперыі Раманавых.
Агулам В. Сабалеўская апублікавала больш за сто артыкулаў, выдала чатыры манаграфіі, у тым ліку дзве ў сааўтарстве. Яе навуковыя інтарэсы, аднак, выходзілі за межы гісторыі яўрэяў Расійскай імперыі і датычылі ўсёй гісторыі Беларусі на мяжы гістарычнай культуралогіі ды ўрбаністыкі. Асобна сярод яе прац адзначаюць манаграфію «Повседневная жизнь евреев Беларуси в конце XVIII—первой половине XIX века: монография» (Гродна, 2012), якая сталася пэўным прамежкавым вынікам шматгадовых даследаванняў. Спалучаючы гістарычны ды культуралагічны падыходы, на падставе даследавання архіўных і апублікаваных крыніц, мемуараў, перыёдыкі, публікацый айчынных і замежных аўтараў, В. Сабалеўская паспрабавала вызначыцца з феноменам паўсядзённага жыцця расійскіх яўрэяў у гарадах мяжы аселасці, паказаць, як яны адначасова заставаліся галоўным фактарам культурнай сегрэгацыі і, разам з тым, ператвараліся ў крыніцу глыбокіх перамен яўрэйскага грамадства.