Валянцін Уладзіміравіч Авечкін (руск.: Валентин Владимирович Ове́чкин; 9(22).6.1906, Таганрог — 27 студзеня 1968, Ташкент) — савецкі празаік. Член КПСС з 1929.
Вучыўся ў Таганрогскім тэхнічным вучылішчы (1913-19). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1925-31 гадах — старшыня сельскагаспадарчай камуны; у 1930-я гг. партыйны працаўнік, журналіст. Першае апавяданне апублікаваў у 1929 годзе. Аўтар аповесцей «Праскоўя Максімаўна» (1939), «Госці ў Стукачах», «Без роду, без племя» (абедзве — 1940), «З франтавым прывітаннем» (1945). Прыкметнай падзеяй у літаратурным і грамадскім жыцці краіны стаў наватарскі твор Авечкіна «Раённыя будні» (1952-56), у якім узняты і глыбока даследаваны актуальныя праблемы сельскай гаспадаркі, створаны праўдзівыя вобразы раённых кіраўнікоў; з дакладных партыйных пазіцый у кнізе зацвярджаліся ленінскія нормы партыйнага жыцця. Мастацкая своеасаблівасць «Раённых будняў», якія аказалі ўплыў на наступнае развіццё літаратуры пра вёску, праявілася ў спалучэнні публіцыстыкі з псіхалагічнай распрацоўкай характараў. Авечкін — аўтар п’ес «Насця Коласава» (1949), «Насустрач ветру» (1958), «Летнія дажджы» (1959), «Час пажынаць плады» (1960), нарысаў і артыкулаў. З 1963 года жыў у Ташкенце. Працаваў над аўтабіяграфічным цыклам «Нявыдуманыя нарысы». Скончыў жыццё самагубствам.