Валянцін Віктаравіч Харытонаў (6 студзеня 1932, Ленінград, Расія — 1999) — беларускі спецыяліст у галіне авіяцыйнага будавання рухавікоў і цеплафізікі. Доктар тэхнічных навук (1980), прафесар.
Скончыў Ленінградскую ваенна-паветраную інжынерную акадэмію імя А. Ф. Мажайскага (1956; ад’юнктура, спецыяльнасць «Тэорыя рухавікоў апаратаў», 1961).
Служыў у Савецкай Арміі (1956—1966), працаваў у Інстытуце цепла- і масаабмену АН БССР і Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН БССР (з 1966, старшы навуковы супрацоўнік), па сумяшчальніцтве ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (старшы выкладчык кафедры «Цеплафізіка»), Гомельскім дзяржаўным універсітэце (з 1969, старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі, у 1969—1970 — дэкан фізічнага факультэта), Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (з 1974, прафесар кафедры «Фізіка», у 1974—1984 — загадчык кафедры, у 1984—1998 — прафесар кафедры «Гідраўліка і цеплатэхніка»), Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П. В. Сухога (1988—1999, прафесар кафедры «Прамысловая цеплаэнергетыка і экалогія», у 1989—1992 — загадчык кафедры).
Навуковыя інтарэсы: нелінейныя задачы цеплаправоднасці; тэорыя рухавікоў.