Ваенна-паветраныя сілы Катангі, таксама «Авікат» (фр.: Force aérienne katangaise / Aviation militaire Katangaise) — паветраны складнік узброеных сіл самаабвешчанай Дзяржавы Катанга (1960—1963) на тэрыторыі былога Бельгійскага Конга.
Першыя згадкі пра ВПС Катангі адносяцца да ліпеня—жніўня 1960 года. Са жніўня «Авікат» займалася пастаўкай боепрысаў і ўзбраення сваім саюзнікам — паўстанцам Касаі. У верасні зафіксаваны першыя выпадкі баявога прымянення авіяцыі сепаратыстаў, калі катангскія самалёты і верталёты сталі скідываць на ўрадавыя войскі самаробныя бомбы. Яны ствараліся з ручных гранат са своеасаблівымі «запавольнікамі», зробленымі з піўных бутэлек. Каб пазбегнуць заўчаснага падрыву гранаты яшчэ ў паветры, дзяржальню ўстаўлялі ў рыльца бутэлькі, якое ўтрымлівала ахоўную клямар у прыціснутым стане. Пры ўдары аб зямлю бутэлька разбівалася, вызваляючы засцерагальнік.
У сакавіку 1961 года катангскія Dove прынялі ўдзел ў баях за горад Манона, дзе яны выкарыстоўваліся ў якасці штурмавікоў. 28 жніўня міратворцы ААН захапілі аэрадром Луана, і паўстанцы страцілі большасць сваіх самалётаў і верталётаў. 13 верасня французскі найміт Жазеф Маген на Magister «Авіката» атакаваў і знішчыў дзве індыйскія бронемашыны, а потым абстраляў ірландскіх міратворцаў. У наступныя некалькі дзён самалёт нанёс шэраг адчувальных удараў па авіябазах ААН. На аэрадроме Луана ён знішчыў некалькі транспартных самалётаў і пашкодзіў кантрольна-дыспетчарскую вежу, а аэрадром у Бацы наогул быў на некалькі месяцаў выведзены з ладу. Акрамя таго, француз скінуў дзве бомбы на толькі што захоплены «блакітнымі каскамі» аэрадром Элізабетвіля. 5 снежня ўсе наяўныя самалёты нанеслі магутны бомбавы ўдар па надыходзячых калонах міратворцаў.
19 кастрычніка 1962 года ВПС Катангі правялі апошні буйны баявы вылет, атакаваўшы ўрадавыя часці на поўначы правінцыі.
Да канца свайго існавання Катанга мела толькі 14 ацалелых самалётаў, якія былі ў тэрміновым парадку эвакуяваныя ў Партугальскую Анголу.
Лідар сепаратыстаў Маіз Чомбэ пры дапамозе бельгійцаў арганізаваў «Авікат» на базе тэхнікі, знойдзенай на бліжэйшым да Элізабетвіля аэрадроме Луана. Там знаходзілася дзевяць двухматорных пасажырскіх самалётаў de Havilland Dove, з якіх толькі два маглі падняцца ў паветра (пазней адрамантавалі яшчэ некалькі машын). Акрамя таго, мяцежнікі захапілі восем вучэбна-трэніровачных North American T-6 Texan, чатырохматорны пасажырскі De Havilland Heron і два верталёты: Sikorsky H-19 і Aérospatiale Alouette II. Паколькі ў Катанзе не знайшлося ніводнага пілота-афрыканца, усе лётныя вакансіі занялі белыя найміты.
У студзені 1961 года «Авікат» атрымаў сур’ёзнае папаўненне: бельгійцы перадалі ім тры рэактыўных вучэбна-баявых самалёта Fouga СМ.170 Magister. Увосень былі набытыя пяць двухматорных транспартнікаў Dornier Do 28 і чатыры Piper PA-24 Comanche (аднаматорны чатырохмясцовы шматмэтавы самалёт). У кастрычніку праз ПАР прыбыло 10 вучэбна-трэніровачных Texan з пілотамі і механікамі. Па прыбыцці на самалёты ўсталявалі пілоны для падвескі ўзбраення і адразу адправілі ў бой.
Напярэдадні разгрому катангцы атрымалі De Havilland Dragon Rapide і 2 De Havilland DH.100 Vampire