Вадародная сувязь — від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу А—Нδ+… Вδ-, якая ўзнікае, калі атам вадародуН адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі А і В. З атамам А (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (А—Нδ+). З атамам В (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы А і В могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і іншых біялагічна важных злучэнняў.