Бядрынец вялікі (Pimpinella major) — травяністая расліна сямейства парасонавых.
Апісанне
Шматгадовая травяністая расліна з верацёнападобным галінастым коранем і прамастойным пустым баразнаватым сцяблом вышынёй 40-100 см. Лісце перыстае, цёмна-зялёнае. Суквецце — складаны парасонік з 9-15 прамянёў; абгортка і абгортачкі адсутнічаюць. Пялёсткі белыя або ружаватыя. Плод — прадаўгавата-яйкападобны віслаплоднік.
Пашырэнне
Сярэднееўрапейскі від. Пашырэнне: Скандынавія, Сярэдняя і Атлантычная Еўропа, паўночна-заходнія і заходнія раёны Усходняй Еўропы, Каўказ, Міжземнамор'е, Балканы. Знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Расце ў разрэджаных лясах, на ўзлесках, палянах, у хмызняку па берагах рэк. Аддае перавагу дубравам. Расце невялікімі, часам буйнымі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асаблівасці біялогіі
Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Таксанамія
Від Бядрынец вялікі ўваходзіць у род Бядрынец (Pimpinella) сямейства Парасонавыя (Apiaceae) парадку Парасонакветныя (Apiales).
Выкарыстанне
Дэкаратыўная, харчовая (вострапрыпраўная), лекавая і тэхнічная (фарбавальная) расліна.
Зноскі
Літаратура
- Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Спасылкі
- Бедренец большой: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)