Бессмяроцце — мемарыяльны комплекс ў Гарадку. Знаходзіцца на вайсковых могілках на плошчы Леніна.
У 1974 годзе на вайсковых могілках створаны мемарыяльны комплекс (арх. Ю. Градаў, Л. Левін, С. Наўмывакін, скульпт. Ю. Патапаў). На вайсковых могілках пахавана больш 5 тысяч савецкіх воінаў, загінуўшых у баях за вызваленне горада і раёна. Сярод пахаваных — Героі Савецкага Саюза А. І. Дыдышка, П. П. Зюбін, В. А. Талкачоў і генерал-маёр М. М. Каржанеўскі.
Размешчаны на прамавугольным участку, мае сіметрычна-восевую планіроўку. Абапал цэнтральнага ўвахода пастаўлены абліцаваныя мармуровымі плітамі стэлы — выцягнутыя па гарызанталі паралелепіпеды з урэзанымі ў іх жалезабетоннымі клінамі з памятнымі надпісамі. У цэнтры вымашчаны паліраванымі мармуровымі плітамі невысокі квадратны подыум, на якім скампанавана пяціканцовая зорка. У цэнтры зоркі — Вечны агонь. На адным з 4 вуглоў подыума пастаўлены невысокі каменны блок. Такой жа формы каменныя блокі ўстаноўлены ўздоўж прамавугольных газонаў мемарыяла. Комплекс завершаны ўстаноўленым на чатырохгранным пастаменце бронзовым бюстам камандзіра 26-й гвардзейскай Усходне-Сібірскай стралковай дывізіі гвардыі генерал-маёра М. М. Каржанеўскага.