Беларуская фантастычная проза

Беларуская фантастычная проза — мастацкія творы напісаныя беларускімі аўтарамі ў жанры фантастыкі.

XIX стагоддзе

Вокладка «Шляхціц Завальня» выдання 1884 года

Да аднаго за жанраў фантастычнай літаратуру — фэнтэзі, належыць твор аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846). Гэтая кніга, якую без сумневу можна назваць падмуркам беларускай літаратуры, распачала жанр фантастыкі, фэнтэзі, у нашай літаратуры. Твор, напісаны на падставе беларускіх народных казак і легенд, прываблівае сваімі паганскімі фантазіямі, сваім, калі так можна выказацца, беларускім гафманізмам. Прытчы-апавяданні звязаны ў творы пры дапамозе вядомага са старажытных часоў прыёму, дзе ёсць апавядальнік і слухач. Гасцінны шляхціц Завальня сустракае ўсіх падарожных, шчодра частуе іх, і ўважліва слухае жыццёвыя гісторыі і казкі. Нешта падобнае можна бачыць і ў «Тысячы і адной ночы»[1]. У некралогу, размешчаным у часопісе «Przegląd Poznański» (1851. T. III. Poszyt 3. S. 362.), Я. Баршчэўскага назвалі «вядомым беларускім пісьменнікам», які «апранае фантастыку ў беларускія шаты»[2].

XX стагоддзе

У 1923 годзе выходзіць філасофска-фантастычная аповесць Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», напісаная ў духе мастацкай містыфікацыі гісторыка-міфалагічнага напрамку.

У навукова-фантастычным жанры варта згадаць Янку Маўра, заснавальніка навукова-пазнавальнага жанру ў беларускай літаратуры, і стваральніка першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. У 1925 годзе ў часопісе «Беларускі піянер» з’явілася яго аповесць на беларускай мове «Чалавек ідзе», якая, як лічыцца, паклала пачатак навукова-фантастычнаму жанру ў беларускай літаратуры. Тым не менш некаторыя гэтую аповесць адносяць хутчэй да прыгодніцкага жанру. А далей былі фантастычная казка «Вандраванне па зорках» (1927) і «Аповесць будучых дзён» (1932), якую ўжо смела можна аднесці менавіта да фантастыкі. І ў 1954 годзе выйшла яго навукова-фантастычная аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», у якой сумешчана рэальнае і фантастычнае — на энергіі дзіцячай фантазіі ўнукі прафесара Цылякоўскага Святазар і Святлана адпраўляюцца ў далёкае вандраванне — напачатку ў Амерыку, а потым на Месяц і на Марс.

У 1932 годзе ў часопісе «Маладняк» (№ 7-8) з’явілася першая частка навукова-фантастычнага раману «Вызваленне сіл» Змітрака Астапенка. Але ў 1933 годзе аўтар быў арыштаваны НКУС па справе «Беларускай народнай грамады», і, верагодна, што раман так і не быў скончаны.

У 1959 годзе выйшла кніга Міколы Гамолка «Шосты акіян» — навукова-фантастчыны раман пра касмічны акіян. А ў 1962 была выдана аповесць пра пра касмічную экспедыцыю на Марс і Плутон «Апошняя арбіта», аўтара Ўладзіміра Шыціка. А за ёй выйшлі яго зборнікі «Зорны камень» (1967), «Парсекі за кармой» (1970), «У час не вярнуліся» (1975), «Трансплутонавыя Афеліі» (1982). Іх асноўная тэма — бясконцыя абшары космасу і яго адважныя даследнікі і пакарыцелі.

У лютым 1981 года ў газеце «Знамя юности», пісьменнік Уладзімір Цвяткоў падрыхтаваў першы выпуск «Клуба аматараў фантастыкі» (з аўтараў і чытачоў клубу ўтварыўся першы ў Беларусі клуб аматараў фантастыкі «Цыялкоўскі»). Рубрыку пазней змяніла «Фантастыка. Гіпотэзы. Прагнозы», затым з’явіўся «ФАЭТОН» (Фантастыка. Эксперыменты. Тэорыі. Досведы).

У сярэдзіне-канцы 1980-х моцна а сабе заявіў творчы дуэт Юрыя Брайдэра і Мікалай Чадовіча. Пачатак іх доўгаму і плённаму супрацоўніцтву паклаў аповяд «Парушальнік» (1983) у газеце «Знамя юности». Вядомасць ім прынеслі «Тэлепатычная стрэльба» (1987) і «Евангелле ад Цімафея» (1991). У суаўтарстве, якое працягнулася і ў пачатку 2000-х, імі былі напісаны цэлыя цыклы твораў: «Светы пад лязом сякеры», «Сцежка», «Адмысловы аддзел», «Паляванне на Мінатаўра».

У вясёлай і нязмушанай форме Павел Місько распавядае дзецям у фантастычнай аповесці «Эрпіды на планеце Зямля» (1987) пра жывёльны і раслінны свет Зямлі ад імя робатаў-выведнікаў. Частку сваіх твораў у прагодніцка-фантастычным жанры прысвяціў дзецям і Аляксей Якімовіч у сваіх кніжках «Эльдарада просіць дапамогі» (1989 г.), «Сакрэт Тунгускага метэарыта» (1993 г.). Звярнулася да дзіцячай фантастыкі і Раіса Баравікова — «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990 г.) і «Дзве аповесці пра міжпланетнага пажарніка» (1996 г.).

Творам Васіля Гігевіча, у якіх ён даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце, уласцівыя псіхалагізм і філасафічнасць. Найбольш да навукова-фантастычнага жанру набліжана яго аповесць «Марсіянскае падарожжа» (1990 г.) у якой галоўны герой, журналіст, вырашыў назаўжды пераехаць на Марс і жыць там пад кіраўніцтвам штучнага інтэлекту. У 2012 годзе ў выдавецтве «Літаратура і мастацтва» выйшла кніга «Крах цывілізацыі», у якую ўвайшлі чатыры яго найбольш яркіх твора «Карабель», «Марсіянскае падарожжа», «Палтэргейст», «Страчанае шчасце».

Нечакана звярнуўся часткова да фантастыкі і вядомы беларускі дэтэктыўшчык Мікалай Чаргінец, у рамане «Ілоты вар’яцтва» (1995). У ім апавядаецца пра кіраўніка міжнароднай тэрарыстычнай арганізацыі, які марыць пра бязмежную ўладу над светам. Сярод герояў кнігі ёсць, апроч іншых, і прышэльцы з космасу, якія аб’ядналіся з людзьмі і супрацьстаяць сілам зла ў барацьбе за выратаванне чалавецтва ад катастрофы.

Плённа на ніве фантастыкі працуюць Аляксандр Сілецкі і Наталля Новаш — муж і жонка. Ён піша навуковую, сацыяльную фантастыку, яна — больш казкі і раманы-фэнтэзі, але мае і навукова-фантастычныя творы. Сілецкі аўтар больш за 70 фантастычных аповядаў.

XXI стагоддзе

Адметнай з’явай стаў постмадэрністкі раман Андрэя Федарэнкі «Рэвізія» (2004). Аўтар пачаў яго пісаць яшчэ ў 1987, працягнуў у 1992, і завяршыў у 2003. Галоўны герой, Алесь Трухан, у канцы 1980-х гадоў на аснове сваіх бачанняў ці сноў, якія яго перыядычна наведваюць, піша раман а 1920-х гадах. А галоўны персанаж рамана Трухановіча, Алесь Трухановіч (кантужаны чырвонаармеец з амнезіяй), «успамінае» сваё будучае жыццё, жыццё Трухана ў канцы 1980-х.

Далучыўся да кола фантастаў і Алесь Бадак, які апублікаваў у часопісе «Маладосць» (2004 г. № 12) аповесць «Не глядзіце ў снах на поўню». Твор таксама ўвайшоў у анталогію «У зеніце — Антарэс» (2008).

Знакаміта сваёй шматграннай творчасцю Людміла Рублеўская. Яе фантастычнае апавяданне пра Ведзьмака «Адзінка» увайшло ў зборнік беларускай фантастыкі «Люстэрка Сусвету» (2007). Але найбольш вядомы яе фантастычна-містычныя аповесці «Дзеці гамункулуса» (1999), у якую пакладзена легенда пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, раманы «Скокі смерці» (2005), у якой журналістка і рэстаўратар разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, і «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), у якой група маладых людзей знаходзіць партал, праз які яны адпраўляюцца ў 1930-е гады.

Добра вядомы ў Беларусі і за яе межамі творы Андрэя Жвалеўскага, які напісаў вялікую колькасць раманаў у суаўтарстве з Я. Пастарнак і І. Мыцько. Апроч цыклу фантастычнай пародыі «Поры Гатэр» (у суаўт. з І. Мыцько), аўтар напісаў фантастычныя раманы «Майстар сурокаў» (2005) і «Майстар сілы» (2005). За іранічны раман жахаў «Тут вам не прычыняць ніякай шкоды» (2006) Жвалеўскі і Мыцько атрымалі ў 2007 г. на Міжнароднай літаратурнай канферэнцый па пытаннях фантастыкі «РасКан» прэмію «Аліса» (за лепшы фантастычны твор для дзяцей).

Яшчэ адна беларуская пісьменніца, добра вядомая за межамі Беларусі — Вольга Грамыка, аўтар Беларыйскага цыклу пра ведзьму Вольхе, піша кнігі ў жанры гумарыстычнага фэнтэзі. Яе раман «Прафесія: ведзьма» на міжнародным фэсце «Зорны мост-2003» (г. Харкаў) атрымаў прыз «Меч Без Імя» за лепшы дэбютны раман у жанры гумарыстычнай і вострасюжэтнай фантастыкі.

Не застаюцца ў баку і самі выдавецтва. Так, «Мастацкая літаратура» выдала дзве анталогіі, у якіх сабраны фантастычныя аповяды — ужо ўзгаданыя «Люстэрка Сусвету» (2007 г.) і «У зеніце — Антарэс» (2008 г.). Выдавецтва «Харвест» сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, у серыі «Беларуская сучасная фантастыка», выдала зборнікі Алеся Аляшкевіча «Дзеці зорак» (2009 г.), Генадзя Аўласенка «Дзікія кошкі Барсума» (2009 г.), аповесць Зінаіды Дудзюк «Аднарог» (2010 г.). У выдавецтве «Літаратура і Мастацтва» выйшаў зборнік казак і аповядаў пра космас для дзяцей «Касмічная кніга» (2010 г.). У 2014 годзе выдавецтва «Харвест» выдала кнігі пераможцаў конкурсу «Новая беларуская фантастыка» Кацярыны Войнікавай «Дарункі цмока», Андрэя Балотава «Панацэя» і Зміцера Саўчыка «Незлічоныя скарбы таямнічай пячоры».

У 2010 годзе Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіў конкурс маладых літаратараў «Новая беларуская фантастыка» з мэтай прыцягнуць увагу чытачоў да беларускай фантастычнай літаратуры і адкрыць новых таленавітых аўтараў твораў фантастычных жанраў. Журы конкурсу ўзначальваў старшыня секцыі «Прыгоды і фантастыка» СПБ Уладзімір Кулічэнка, аўтар фантастычных аповесцяў «Катамаран „Уцякач“» (1994 г.) і «Клуб горада N» (2004 г.)[3]. Па выніках конкурсу былі вызначаны фіналісты, а іх творы былі выдадзены асобнымі кніжкамі ў 2014 годзе ў выдавецтве «Харвест» у серыі «Новая беларуская фантастыка». Гэта «Панацэя» Андрэя Болатава, «Дары Дракона» Кацярыны Войнікавай і «Незлічоныя скарбы таямнічай пячоры» Дзмітрыя Саўчыка[4].

У наступныя гады выйшлі кнігі: «П’яўка» Юрыя Станкевіча (2010 г.), «Сад замкнёных гор» Сержа Мінскевіча (2011 г.), «Анамалія» Алеся Бычкоўскага (2012 г.), «Ген зямлі» Аліны Длатоўскай (2017 г.), «1813» Уладзіміра Садоўскага (2017 г.), «Князь-ваўкалак» Максіма Кутузава (2017 г.), «Бесапатам» Юрыя Станкевіча (2018 г.), «Расследванні інспектара Сарвы» Сяргея Белаяра (2018 г.), «Каларадская пушча» Севярына Квяткоўскага (2019 г.), «Бог кахання Марс» Сяргея Балахонава (2020 г.), «Porta Nigra» Максіма Кутузава (2020 г.), «Мова» Віктара Марціновіча (2021 г.), «Уласны крыж» Маргарыты Латышкевіч (2021 г.), «Дзеці Сільмарыліёна» Алеся Бычкоўскага (2022 г.).

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Хаўстовіч М. В. Асоба і творчасць Яна Баршчэўскага ў літаратуразнаўстве // Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. — Мн.: БДУ, 2003. — С. 13. — 204 с. — 100 экз. — ISBN 985-445-998-5.
  2. Хаўстовіч М. В. Асоба і творчасць Яна Баршчэўскага ў літаратуразнаўстве // Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. — Мн.: БДУ, 2003. — С. 15. — 204 с. — 100 экз. — ISBN 985-445-998-5.
  3. Алег Грушэцкі Скрозь часы да далёкіх зорак // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 3 кастрычніка 2014. — № 39. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 8 кастрычніка 2014.
  4. Зінаіда Дудзюк Таямнічыя пячоры // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 9 студзеня 2015. — В. 4801. — № 1. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2015.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!