Беларуская народная партыя сацыялістаў

Беларуска народная партыя сацыялістаў
Дата заснавання 15 мая 1917 г.

Беларуская народная партыя сацыялістаў (БНПС) — нацыянальная партыя праванародніцкага кірунку. Заснавана ў Мінску на арганізацыйным сходзе 15-16 мая 1917 г.[1]

Гісторыя

Аб’ядноўвала нешматлікую групу інтэлігентаў, якія былі блізкімі да Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), але лічылі яе праграму і тактыку залішне радыкальнымі.

У Арганізацыйнае бюро БНПС уваходзілі Я. Ф. Сушынскі (старшыня), A.I. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Самуіл Плаўнік (Змітрок Бядуля), Ф. Стульба; значным уплывам у партыі карыстаўся Павел Аляксюк і Раман Скірмунт. З канца ліпеня 1917 існаваў аддзел БНПС м. Смілавічы (Ігуменскі павет) на чале з ксяндзом Аляксандрам Астрамовічам.

Праект праграмы БНПС спалучаў ідэі палітычнага самавызначэння беларускага народа з рэфармісцкімі ўяўленнямі пра шляхі сацыялістычнай перабудовы грамадства. Выстаўляў патрабаванне абвясціць Расію федэратыўна-дэмакратычнай рэспублікай, у якой Беларусь павінна мець статус аўтаноміі з заканадаўчым органам — Беларускай краёвай радай, выбранай на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. У далёкай перспектыве прадугледжвалася ажыццяўленне шляхам паступовых рэформ сацыялістычнага ідэалу — абагульнення вытворчасці і спажывання. Цэнтральнае месца ў праекце праграмы займала аграрнае пытанне, БНПС падтрымлівала прынцып нацыяналізацыі зямлі («уся зямля павінна быць агульнанароднай уласнасцю»). Нацыяналізаваныя землі павінны былі паступаць у распараджэйне Беларускай краёвай рады і складаць нацыянальны народны фонд, з якога ў адпаведнасці з працоўнай нормай меркавалася надзяляць беззямельных і малазямельных сялян. Праграма не прадугледжвала неадкладнага пераходу ўсіх зямель у агульнанародную ўласнасць. У нацыянальны народны фонд бясплатна павінны былі паступаць землі кабінецкія, казённыя, удзельныя, царкоўныя, падараваныя каралямі Рэчы Паспалітай і расійскімі імператарамі, a таксама купленыя за гады Першай сусветнай вайны. Сялянскія надзельныя землі і дробныя ўчасткі, якія не перавышалі працоўныя нормы, заставаліся ў прыватнай уласнасці. З мэтай выключэння прыватнаўласніцкіх зямель з гандлёвага абароту права іх куплі давалася толькі нацыянальнаму народнаму фонду. Захоўвалася палажэнне аб выкупе: землі, купленыя «за грошы запрацаваныя», павінны перайсці да народа «за памяркоўную плату» за кошт нацыянальнага народнага фонду. Дапускалася поўная свабода прыватнай ініцыятывы ў галіне прамысловасці і гандлю, БНПС выказвалася за 8-гадзінны рабочы дзень, увядзенне сістэмы страхавання, ахову жаночай і дзіцячай працы. Абвяшчаўся прынцып адзінства школы, бясплатнае навучанне на роднай мове ў школах усіх разрадаў.

Імкнучыся знайсці апору ў масах, БНПС летам 1917 правяла ў Мінску некалькі мітынгаў, але адчувальнай падтрымкі не атрымала. У пачатку ліпеня 1917 г. прадстаўнікі БНПС удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх арганізацый і партый, дзе выказваліся супраць скасавання Беларускага нацыянальнага камітэта; у выніку канфлікту з фракцыяй БСГ, якая складала большасць з’езда, пакінулі яго. Летам 1917 на муніцыпальных выбарах у Мінску БНПС выставіла кандыдатуру ў блоку з мясцовымі арганізацыямі БСГ, яўрэйскіх, украінскіх і літоўскіх партый (Блок нацыянальных сацыялістычных партый) і атрымала адно месца ў Мінскай гарадской думе. Кастрычніцкі пераварот не прыняла, разам з іншымі беларускімі арганізацыямі падпісала «Грамату да беларускага народа» 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г., дзе рэвалюцыя характарызавалася як праяўленне анархіі, у віхуры якой можа загінуць справа абароны нацыянальных правоў беларусаў. У снежні 1917 г. удзельнічала ва Усебеларускім з’ездзе. Спробы БНПС пашырыць свой уплыў сярод насельніцтва не мелі поспеху. He здолеўшы выйсці з зародкавай стадыі развіцця, яна неўзабаве знікла з палітычнай арэны.

Зноскі

  1. Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам…. С. 48.

Літаратура

  • Богданович, Е. Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е. Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — № 1. — С. 9—15.
  • Ж. Х.З. [Жылуновіч З.] Уступамі да Акцябра // Полымя. — 1923. — № 5—6.
  • Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — 368 с.
  • Рудовіч, С. С. Беларуская народная партыя сацыялістаў / С. С. Рудовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 383—384.
  • Сташкевич, Н. С. Приговор революции: Крушение антисоветского движения в Белоруссии, 1917—1925. — Мн., 1985. — С. 55—56.
  • Сяменчык, М. Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М. Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.
  • Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 490 с.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!