Беларуская канферэнцыя адбылася 25—28 студзеня1918 у Вільні. Склікана Арганізацыйным камітэтам, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сацыяльных колаў і беларускіх арганізацый з акупіраванай Германіяй тэрыторыі Беларусі.
Правядзенне канферэнцыі было выклікана падзеямі ў Расіі (Кастрычніцкі пераварот 1917), ва ўсходняй частцы Беларусі (Усебеларускі з'езд, антыбеларуская палітыка бальшавікоў) і на тэрыторыі, акупіраванай германскімі войскамі (абвяшчэнне Літоўскай Рэспублікі ў снежні 1917). У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць узгадніць мэты розных беларускіх арганізацый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». 3 прычыны таго, што германскія акупацыйныя ўлады і Літоўская Тарыба падазрона ставіліся да беларускага вызваленчага руху, Арганізацыйны камітэт у сваёй абвестцы прапанаваў склікаць падрыхтоўчую нараду, якая, «разгледзеўшы сучаснае палітычнае палажэнне і вырабіўшы сабе ясны погляд на яго, павінна апрацаваць асновы арганізацыі беларускага народнага прадстаўніцтва».
Нарада сабралася 25 студзеня 1918 у Вільні і абвясціла сябе Беларускай канферэнцыяй. Дэлегатам належала разгледзець
2 канцэпцыі: выпрацаваную ў верасні 1917 канферэнцыяй Беларускага народнага камітэта, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы і Віленскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады і выпрацаваную арганізацыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый беларускія арганізацыі не адмовіліся ад ідэі Беларуска-Літоўскай дзяржавы. На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, гэта дзяржава павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўтаномных тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі, павінны былі ўвайсці ўсе беларускія і ўсе літоўскія землі.
На канферэнцыі быў абраны каардынацыйны цэнтр беларускіх арганізацый і прадстаўнічы орган акупіраванай Германіяй тэрыторыі Беларусі — Віленскую беларускую раду.