«Беларуская думка» — газета дэмакратычнага кірунку. Выдавалася з 28 красавіка да 27 ліпеня 1919 у Вільні на беларускай мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары I. Вайцяховіч. У. Знамяроўскі, Э. Падгайскі.
У газеце супрацоўнічалі прадстаўнікі радыкальнай інтэлігенцыі пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Мела рубрыкі «Беларусь» (з месцаў), «Апошнія навіны», «3 газет», «У Вільні» і інш. Паслядоўна выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя планы правых сіл Польшчы, польскіх нацыянал-дэмакратаў, заклікала да аб'яднання ўсе дэмакратычныя элементы краю без розніцы веравызнання і нацыянальнасці, узнімала надзённыя пытанні жыцця розных пластоў і груп насельніцтва (інтэлігенцыі, служачых, бежанцаў і інш.).
Шырока асвятляла падзеі на Беларусі, у т. л. работу Беларускага з'езда Віленшчыны і Гродзеншчыны, канферэнцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Гродзеншчыны, настаўніцкага з'езда, праблемы беларускай школы, пытанні арганізацыі войска для абароны рэспублікі, апублікавала мемарандум урада Беларускай Народнай Рэспублікі да старшыні мірнай канферэнцыі ў Парыжы. Друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і яе грамадскай думкі (аўтары Я. Лёсік, Т. Грыб пад псеўд. Т. Глеба), актуальных праблемах палітыкі (арт. «Перад новай вайной», «Палітычныя перспектывы і Беларусь», «Што нам дасць мір з Нямеччынай?»); на канкрэтных фактах акупацыйнай рэчаіснасці аналізавала польска-беларускія адносіны (Р. Зямкевіч пад псеўд. Юры Алелькавіч, Раман Суніца), радыкальна ставілася да зямельнага пытання («Зямельная рэформа ў Польшчы», «У справе зямельнай рэформы»).
Газета змяшчала на сваіх старонках творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Старога Уласа, М. Арла, I. Нялепкі, 3. Вехаця, 3. Бядулі, нататкі А. Гурло, К. Лукашэвіча, пераклады на беларускую мову твораў Э. Ажэшкі, Пружанскага, публікацыі на навукова-папулярныя, агульнаасветныя, кааператыўныя тэмы. Шэраг матэрыялаў падпісаны псеўд. Саўка Баравой, Тройнат, Свой, Янучонак, крыптанімамі «Е. Б.», «К.», «Л. Б.», «А. С-ва» і інш., якія не расшыфраваны. Газета дае яскравае ўяўленне пра сацыяльнае, палітычнае і грамадскае становішча на Беларусі вясной—летам 1919.
Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупацыйнай адміністрацыяй.
Літаратура