Беларуская дапаможная паліцыя

Беларуская дапаможная паліцыя
Беларускія паліцыянты ў Магілёве, сакавік 1943 г.
Гады існавання з ліпеня 1941
Краіна Трэці рэйх Трэці Рэйх
Тып дапаможная паліцыя
Удзел у Антыпартызанскія аперацыі на Беларусі

Беларуская дапаможная паліцыя (ням.: Weißruthenische Hilfspolizei, Schutzmannschaften, пазней перайменаваная ў Ordnungsdienst — OD) — беларускае паліцыйнае падраздзяленне, орган лакальнай калябаранцкай адміністрацыі, а пазней нямецкай паліцыі на этнічных беларускіх абшарах пад гітлераўскай акупацыяй, з функцыямі, адпаведнымі нямецкай паліцыі парадку.

Гісторыя

На падставе інструкцыі OKW ад 3 красавіка 1941 годзе, на тэрыторыях, занятых Вермахтам, было дазволена стварэнне дапаможных паліцыйных падраздзяленняў са складу прадстаўнікоў мясцовага люду. На абшарах Генеральнае акругі Беларусь першыя аддзелы беларускай паліцыі паўсталі неўзабаве пасля акупацыі, як аддзелы органаў мясцовага самакіравання: гарадскіх і павятовых. Аднак у тым самым годзе былі перададзены ў падпарадкаванне нямецкай паліцыі. У Мінску беларуская паліцыя паўстала на базе 1-га штурмавога ўзводу (беларускага) — аддзелу Абвера. Камандоўцам беларускай паліцыі ў мэнскай акрузе і камендантам унтэр-афіцэрскіх курсаў для беларускіх паліцыянтаў стаў былы афіцэр кантрактавай службы Войска польскага капітан Францішак Кушаль.

Першапачаткова ствараліся выключна невялікія падраздзяленні і пастарункі ў межах т. зв. Schűtzmannschaften-Einzeldienst, падпарадкаванай нямецкай Schützpolizei. То была сетка пастарункаў па вёсках і камісарыятаў паліцыі ў гарадах — найчасцей з мяшаным бяларуска-нямецкім складам — у разліку 1 паліцэйскі на кожную сотню вясковага насельніцтва і 1 на кожныя 300 гарадскіх жыхароў. Яны мелі тыпова паліцыйныя задачы: ахова парадку, прадухіленне парушэнняў і злачынстваў, крымінальны пераслед злачынцаў і ахова насельніцтва ад нападу партызанаў. Сілы мясцовай паліцыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь» падчас акупацыі ўзраслі ад 3682 у снежні 1941 годзе да 6850 асоб у красавіку 1943 годзе.

Беларускія паліцыянты ў Магілёве, сакавік 1943 р.

У сувязі з узмацненнем савецкага партызанскага руху (а таксама Арміі Краёвай) улетку 1942 годзе распачалося фарміраванне беларускіх паліцыйных батальёнаў Schuma (ням.: Schutzmannschafts Bataillon) — раскватараваных і абмундзіраваных вартоўных і палявых фармацыяў. Дакладная колькасць беларускіх батальёнаў Schuma невядомая, магчыма, іх было 12 з нумарамі: 48, 49, 60, 64, 65, 68 і ўваходзячыя ў склад Polizei Schűtzen Regiment 36. Кожным батальён налічваў прыблізна 350—450 чалавек, але большасць з камандзіраў (афіцэраў і ўнтэраў) складалі немцы, а мовай зваротаў была нямецкая мова, і загады часта перадаваліся праз перакладчыкаў на рускай альбо польскай мовах.

У 1942 годзе быў створаны Беларускі батальён чыгуначнай аховы (ням.: Bahnschutz Bataillon), у якім камандзірамі рот, размешчаных у найістотных вузлах Заходняй Беларусі, былі беларусы. Адмысловы атрад паліцыі — 13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД (ням.: Weissruthenische Schutzmannschafts Bataillon der SD 13) — меў змяшаны нямецка-беларускі камандны склад, а мовай загадаў была беларуская мова. У адрозненне ад батальёнаў Schuma гэта падраздзяленне было аформленае паводле нямецкіх стандартаў. У 1943 і 1944 гадах яно прымала ўдзел у шматлікіх акцыях супраць партызанаў і ў ліквідацыях гета на тэрыторыі былых віленскага і наваградскага ваяводстваў. У 1944 годзе два аддзелы таксама прынялі ўдзел у ахове і ліквідацыі канцэнтрацыйных лагероў у Трасцянцы і Калдычаве.

У жніўні 1943 года кіраўнік СС і паліцыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь» групенфюрар СС Курт фон Готберг прызначыў маёра Ф. Кушаля галоўным «апекуном/каардынатарам» (ням.: hauptbetrauber) усёй беларускай паліцыі. Яму было дазволена стварыць агульнабеларускі штаб, а ва ўсіх акругах Беларусі былі пастаўлены «заступнікі» (ням.: gebietsbetrauber) паліцыі. Адначасна ўведзенае патрыятычнае выхаванне і (часткова) выкарыстанне беларускай мовы ў службовых стасунках. Усе гэтыя захады спрычыніліся да падняцця баявога духу беларускіх паліцыянтаў, аднак кіраванне аперацыямі засталося ў нямецкіх руках, і большасць афіцэрскіх пасад займалі немцы. У гэты час колькасць разнастайных беларускіх паліцыйных утварэнняў склала каля 20 тысяч чалавек.

Беларускімі можна назваць таксама частку паліцыйных падпадзяленняў, створаных з мясцовага насельніцтва на абшарах Беласточчыны і Віленшчыны, а таксама аддзелаў пад ваенным кіраваннем групы армій «Цэнтр» (ням.: Ordungsdienst — Служба парадку). На Смаленшчыне частка паліцыйных аддзелаў таксама арганізавалі беларускія актывісты: Радаслаў Астроўскі, Зміцер Касмовіч і Міхал Вітушка, — і яны мелі беларускі нацыянальны характар.

Як мясцовая паліцыя, так і батальёны Schuma бралі ўдзел у пераследах і вынішчэнні яўрэйскага насельніцтва на Беларусі, а таксама ў розных карных аперацыях супраць партызанаў і мясцовых жыхароў  (англ.)[1].

У пасляваенны перыяд сама прыналежнасць да беларускай паліцыі ўважалася за здраду Савецкаму Саюзу, і былыя паліцыянты падлягалі рэпрэсіям.

Проціпартызанскія аддзелы

Найэфектыўныя ў проціпартызанскім змаганні былі паляўнічыя падраздзяленні (ням.: Jagdkommandos) — таксама называныя «фальшывымі партызанамі». Ствараныя СД аддзелы колькасцю ад 10 да 150 чалавек удавалі сябе партызанамі ці брыгадамі дрывасекаў. Апранутыя ў грамадзянскае ці як савецкія партызаны, добра ведалі ваколіцы. Займаліся «паляваннем» на партызанаў — падпільноўвалі, ладзілі засады, вышуквалі базы і шляхі перамяшчэння савецкіх аддзелаў. Часам, удаючы савецкія партызанскія аддзелы, заводзілі кантакты з сапраўднымі партызанскімі атрадамі, а пасля ўваходу ў давер нішчылі тых або раззбройвалі. Нягледзячы на высокую эфектыўнасць, пасля ўцёкаў некалькіх удзельнікаў да партызанаў нямецкія ўлады распусцілі Jagdkommandos пад канец 1943 годзе.

Палякі ў беларускай паліцыі

На той тэрыторыі Генеральнае акругі «Беларусь», якая да 1939 годзе была пад Польшчай, значная частка, а нярэдка і большасць службоўцаў лакальных пастарункаў былі палякамі. Часткова гэта вынікала з нежадання прыходу бальшавіцкага рэжыму і прагай помсты за савецкія злачынствы ў 19391941 гадах, часткова ад свядомага жадання польскага падпольнага ўрада мець «сваіх людзей» у калабарацыйных структурах на Крэсах Усходніх (тое самае рабілася і ў грамадзянскай адміністрацыі). Акрамя таго, даволі праблематычна было на Крэсах Паўночна-Усходніх адназначнае акрэсленне нацыянальнасці — што схіляла беларускіх актывістаў да залічэння ўсіх паліцыянтаў рымска-каталіцкага веравызнання да польскай нацыі — за выняткам тых, што самі абвясцілі сябе беларусамі. Паводле беларускіх рапартаў, яшчэ ў 1943 годзе на Заходняй Беларусі палякі складалі да 40 % членаў (у Лідскім павеце нават каля 80 %). Такі стан выклікаў незадавальненне беларусаў, у прыватнасці, маёра Ф. Кушаля. Спробы выправіць гэта шляхам чысткі паліцыі ўвесну 1942 годзе і ў жніўні 1943 годзе прынеслі досыць абмежаваны эфект.

Палякі, што служылі ў беларускай паліцыі, часта падтрымлівалі кантакты з польскім падполлем, а ў некаторых выпадках былі адмыслова засланыя ў паліцыю[2]. Яны перадавалі польскім партызанам інфармацыю пра планаваныя акцыі беларусаў і немцаў, часам выкрадалі зброю і боепрыпасы, а ў выпадку ўзброеных сутычак не супрацівіліся і далучаліся да польскіх партызанскіх атрадаў.

У паліцэйскім пастарунку ў Міры перакладчыкам працаваў — выдаючы сябе за паляка — яўрэй Освальд Руфайзен.

Нягледзячы на афіцыйную забарону на паліцэйскую службу былых членаў камуністычнай партыі і камсамола (асабліва на абшарах Усходняй Беларусі), частымі былі выпадкі паступлення ў паліцыю былых камуністаў, і нават на афіцэрскія пасады.

Абмундзіраванне і ўзбраенне

Першапачаткова беларускія паліцыянты насілі ў асноўным грамадзянскую вопратку, недзе яна магла дапаўняцца элементамі мундзіраў Чырвонай Арміі. У хуткім часе, як і іншыя падобныя ўсходнія фармацыі (у прыватнасці, украінскія і расійскія) дапаможнай паліцыі, беларусы атрымалі чорныя мундзіры SS-Algemeine. Але каб яны адрозніваліся ад нямецкага арыгіналу, верхняя частка каўнеру, нашыўкі і клёпкі ніжніх кішэняў былі заменены на матэрыял больш светлага, найчасцей шэрага, радзей шэра-блакітнага або зялёнага колеру. Найчасцей таксама адсутнічалі нараменнікі (?). Мундыры гэткага кшталту насілі як мясцовыя паліцыянты, так і члены паліцыйных батальёнаў, а таксама ў 1943 годзе — Беларуская Краёвая Абарона. Мундзір дапаўняла чорная фуражка, а ў зімовы час і чорны ваенны плашч. Жаўнеры 13-га батальёна СД былі апрануты ў шэрыя мундзіры СД. Частка афіцэраў, як сведчаць фотаздымкі, насіла светлыя мундзіры ўласнага пашыву.

Пазней частка членаў паліцыйных батальёнаў атрымала мундзіры нямецкай палявой паліцыі. Пры апрананні грамадзянскае вопраткі паліцыянты мелі на рукавох павязкі, якія сведчылі пра іх прыналежнасць да дапаможнай паліцыі. Большасць салдат 13-га батальёна СД мела нашытыя на левым рукаве нашыўкі кшталту гербавага шчыту з дыяганальнымі бела-чырвона-белымі палоскамі. Падобныя сімвалі часам сустракаліся і ў іншых падраздзяленнях.

Большасць узбраення (у асноўным гэта былі карабіны) паходзіла з захопленых савецкіх запасаў, у меншай ступені траплялася іншая трафейная зброя. 13-ы батальён СД меў нямецкую зброю.

Прэса

Ужо ў 1941 годзе ў «Беларускай газеце» з'явіўся «куток беларускага паліцыянта», які выкарыстоўваўся і для прыцягнення новых дзеячаў. Са студзеня 1943 годзе выходзіў часопіс «Беларус на варце» (да лета 1944 годзе выйшла 10 нумароў).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Обзорная справка, оккупационный режим (руск.)(недаступная спасылка). История войны: обзор событий. Інфармацыйны рэсурс Дзяржаўнай архіўнай службы Рэспублікі Беларусь «Архивы Беларуси» (12 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2015. Праверана 22 верасня 2015.
  2. Cezary Chlebowski. Reportaż z tamtych dni. — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1988. — С. 248-249.

Літаратура

  • Jarosław W. Gdański. Zapomniani żołnierze Hitlera. — Warszawa, 2005.
  • Jerzy Grzybowski. Białoruskie formacje zbrojne w służbie niemieckiej // Przegląd Historyczno-Wojskowy №2/2008.
  • Алесь Гелагаеў. Беларускія нацыянальныя ваенныя фармацыі ў часе Другое сусветнай вайны. — Мінск, 2002.
  • Jury Hryboŭski. Dywersanci z nieistniejącego państwa // Komandos №4/2004.
  • Беларусь пад нямецкай акупацыяй // Arche 5(68). — 2008.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!