Беларуская вышыўка

Розныя віды вышываных вырабаў

Беларуская вышыўка — адзін з відаў народнага дэкаратыўнага мастацтва беларускага народа ў выглядзе арнаментальнай ці сюжэтнай выявы на тканіне ці скуры. Вышыўка вырабляецца ўручную або з дапамогай швейных машын

Да беларускай вышыўкі можна адносіць усе віды і ўзоры вышыўкі, створанай на тэрыторыі, што складае сучасную Беларусь, а таксама за яе межамі ў супольнасцях, якія захавалі беларускія мастацкія традыцыі.

Гісторыя

Дзяўчаты ў новых касцюмах з вышыўкай, вёска Прудок (Мазырскі павет). Фота Ісака Сербава, 1912 г.

Паводле археалагічных знаходак, ужо ў X—XII стагоддзях была вядомая вышыўка шарсцянымі, ільнянымі, шаўковымі і залотнымі ніткамі[1]. Раннія ўзоры беларускага гафту выяўлены на астатках тагачаснага скуранога абутку[2]. З археалагічных знаходак асабліва багатыя матэрыялы XI—XIII стагоддзяў. Так, у Полацку, Мінску, Пінску, Давыд-Гарадку і іншых знойдзена мноства фрагментаў жаночага абутку і іншых скураных вырабаў са слядами вышыўкі ў тэхніцы «назад іголкай», або вяровачкай"[3][4][5]. Самымі распаўсюджанымі былі найпростыя ўзоры-знакі: ромбы, падзеленыя на 4 часткі, квадраты, крыжы, трыкутнікі, кольцы і да т. п. Яны захаваліся і ў вышыўцы XIX—XX стагоддзяў[2].

Тканіны часта ўпрыгожваліся вышыўкай[6]. Сяляне i гараджане вышывалі фарбаванымі ніткамі. Узоры рабіліся ў выглядзе сімвалаў засеянага поля (квадрат ці ромб, падзелены на чатыры часткі з кропкай-семенем у цэнтры кожнай ячэйкі), трохкутнікаў, крыжыкаў, кольцаў, знакаў свастыкі, завіткоў, розных пляцёнак i інш[6]. На Смаленшчыне кавалачак сінявата-зеленаватай тканіны быў вышыты ярка-аранжавай ніткай[7]. Добра захавалася вышыўка на фрагментах жаночай кашулі ў адным з курганоў каля в. Харлапава Дарагабужскага раёна Смаленскай вобласці. Узор уяўляе сабой спалучэнні ромбікаў, чатырохкутнікаў i вугалкоў, якія рабілі складаныя крыжы i ромбы. Вышыўка зроблена ніткамі чырвонага i чорнага колераў. Падобныя ўзоры на адзенні вядомы ў гэтым раёне i ў наш час[8]. Шырока была распаўсюджана вышыўка бісерам  (руск.), спіральнымі пранізкамі, у пэўным парадку нашываліся маленькія бронзавыя ці сярэбраныя бляшачкі. Напрыклад, у кургане каля в. Аўсянікі Чашніцкага раёна знойдзены галаўны вяночак, расшыты шклянымі пацеркамі. У Захарнічах пад Полацкам падол адзення быў упрыгожаны зялёнымі i фіялетавымі пацеркамі i бронзавымі спіральнымі пранізкамі[6]. Бісерам было вышыта адзен­не ў адным з жаночых пахаванняў каля в. Ходасавічы на Рагачоўшчыне. Каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна ў жаночым пахаванні на грудзях касцяка знойдзена іголка з нанізанымі на яе бісернымі пацеркамі, абвітая ніткамі[6]. Хутчэй за ўсё гэта пахаванне вышывальшчыцы. Каля в. Вензаўшчына Шчучынскага раё­на выяўлены кавалачак скуры, вышыты белымі шклянымі пацеркамі. Ёсць звесткі аб знаходцы на Рагачоўшчыне фрагмента тканіны («шарак»), дзе ў чатыры рады захаваліся нашытыя бронзавыя бляшачкі. Сляды ад металічных нашывак на адзенні вядомы ў шэрагу іншых курганных пахаванняў[9]. Арнаментальную вышыўку размяшчалі на рукавах, каўнярах, падолах кашуль, фартуха, галаўных уборах.

Сярод знаці была распаўсюджана вышыўка залатымі i сярэбранымі ніткамі па шоўку. Асабліва ўпрыгожвалася кайма i паясы. Вядома, што ў Андрэеўскім манастыры  (укр.) ў Кіеве нават існавала школа, дзе дзяўчаты навучаліся вышываць золатам i серабром. Найбольш папулярнай была тэхніка вышыўкі «ў пракол», або «ў прыкрэп», калі металічная нітка накладвалася на тканіну i прышывалася да яе шаўковай ніткай[9]. Арнамент рабіўся геаметрычны, раслінны i зааморфны[10][11]. На тэрыторыі Беларусі захавалася ўжо згаданая вышыўка на шаўковым каўняры каля в. Лісна Верхнядзвінскага раёна. Гэта стаячы каўнер шырынёй 3,5 см з візантыйскага шоўку. Контур узора быў вышыты чырвоным шоўкам, a ўзор — залатымі ніткамі «ў пракол». Асноўны ўзор складзены з птушак у крузе, якія чаргуюцца з прамакутнымі чатырохканцовымі крыжамі[9]. Птушкі вышыты ў профіль. Падобны матыў з выявамі птушак сустракаецца ў архітэктуры, на ювелірных вырабах i на мініяцюрах рукапісаў XI — XII стагоддзяў[12].

Вышыўка эвалюцыянавала нароўні з эвалюцыяй адзення. Акрамя гэтага вышыўкай упрыгожваліся абрусы, ручнікі і іншыя тэкстыльныя вырабы[2].

Да пачатку XX стагоддзя вышыўка набыла форму промыслу, з’явіліся вышывальныя майстэрні, якія працавалі ў тым ліку і на экспарт[2].

Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. У Беларусі гафт вядомы з XVI стагоддзя ў аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў — антымінсы).

Ніткі і іншыя матэрыялы для вышыўкі

Для вышыўкі выкарыстоўвалі пражу розных колераў, сярод якіх на беларускіх землях асноўнымі з’яўляліся чырвоныя ўзоры на белым фоне. У канцы XIX стагоддзя ва ўзорах пачынаюць выкарыстоўваць чорны колер, але не ў якасці пераважнага, а для вылучэння чырвонага колеру[2]. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, чорных (забалаць, горынь, блахва), белых (белка) колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі каларыстыка вышывак можа адрознівацца.

Для накладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш.

Класіфікацыя

У аснову класіфікацыі разнастайных тэхнічных прыёмаў вышыўкі адны даследчыкі кладуць характар шыўка (лічаныя або нялічаныя швы)[13], другія — від тканіны, па якой робіцца вышыўка (па цэлай ці разрэджанай)[14]. Пры гэтым даследчыкі сыходзяцца на тым, што пераважным відам вышыўкі на ўсходнеславянскіх землях з’яўляюцца лічаныя швы па цэлай тканіне, а сярод іх пануючае месца займае старажытны агульнаславянскі прыём — шыццё наборам[15].

Тэхнікі выканання

Тэхніка выканання народнай вышыўкі даволі разнастайная. Большасць швоў ужывалася выключна для ўпрыгожвання асновы. Існавала група традыцыйных дэкаратыўных швоў, злучальных і краявых (абкіданне) швоў. На Палессі і Падняпроўі здаўна выкарыстоўвалі розныя віды зборак (маршчэнне). У залежнасці ад тэхнікі выканання вылучаюць 2 групы швоў: верхашвы (па суцэльнай тканіне) і скразныя (для якіх выцягваецца пэўная колькасць нітак асновы і ўтку). Верхашвы падзяляюцца на лікавыя (выконваюцца па ліку нітак тканіны) і адвольныя (па контуры). Сярод лікавых швоў асобнае месца займае набор (нацяг, завалаканне, процяг і інш.); пашыраны таксама швы крыжыкам, пляцёнка, сцябліністы, розныя віды процягу (гладзі) (адна-, двухбаковы і інш.), роспіс. Традыцыйныя верхашвы выконваліся чырвонымі, чырвонымі з нязначным дадаткам сініх (з канца XIX ст. чорных) нітак. Адвольныя швы — процяг (просты, рэдкі), аплікацыя, выбіванне і інш. — найчасцей выкарыстоўвалі для стварэння паліхромных стылізавана-раслінных узораў. Строчка — вышыўка па разрэджанай тканіне (сакаленне, гафт) сустракаецца пераважна ў форме вузкіх мярэжак, якімі ўпрыгожвалі кашулі, фартухі, наміткі, ручнікі і інш.

Вышыўка гладдзю

Вышыўка гладдзю на паштовай марцы Беларусі
Ручнікі, вышытыя гладдзю

Вышывальная тэхніка, у якой разнастайныя шыўкі рознай даўжыні і кірункі наносяцца на тканіну, цалкам запаўняючы прастору палатна ў межах малюнка, які наносіцца.

Адвольная гладзь набывае пашырэнне з пачатку XX стагоддзя, а ў 1930—1950 гады і ўвогуле выцясняе традыцыйныя віды шытва[16]. Прыхільнасцю даследчыкаў яна не карыстаецца, да традыцыйных відаў яе не адносяць. На першы погляд, для гэтага ёсць усе падставы: адвольная гладзь — з’ява адносна позняя, яўна дэкаратыўнага прызначэння, не мае семантычнай сувязі са старажытнымі агульнаславянскімі матывамі сімвалічнага характару, у многіх выпадках засмечаная безгустоўнымі антымастацкімі ўзорамі і г. д[16].

Пры гэтым нельга абайсці той факт, што гладзевая вышыўка шырока распаўсюджана як у тэрытарыяльным сэнсе, так і ва ўтылітарным, паколькі ёю аздабляліся літаральна ўсе віды традыцыйных тэкстыльных вырабаў, існуе болей за стагоддзе і таму варта вывучэння і прызнання часткай агульнай культуры беларускай вышыўкі[16]. У многіх выпадках, асабліва на поўдні раіны, паліхромная вышыўка гладдзю ўяўляе сабой цэласную дэкаратыўную сістэму з уласнай мастацай моваю і характэрнымі асаблівасцямі, якая стварае гарманічны, адзіны вобраз інтэр’ера сельскага жыцця[16].

Вышыўка крыжыкам

Вышыўка крыжыкам на паштовай марцы Беларусі

Спосаб вышывання малюнка на канве з дапамогай іголкі і каляровых нітак, калі шыўкі кладуцца крыжыкам ці паўкрыжыкам  (укр.).

У вышыўцы крыжыкам ўвасоблена агульнаславянская ромбагеаметрычная арнаментыка. Гэтая тэхніка набыла папулярнасць з канца XIX стагоддзя. Яна і яе разнавіднасці (паўкрыж, двайны крыж, пляцёнка) у некаторых рэгіёнах Беларуси (Усходняе Палессе, паўднёвая частка Падняпроўя) пераважала як асноўны тэхнічны прыём, у іншых (Заходняе Палессе) дапаўняла асноўныя віды швоў[16].

Бракараўская вышыўка

Беларуска ў вышыванцы з бракараўскімі ўзорамі

Акрамя традыцыйнай ромбагеаметрычнай арнаментыкі, крыжыкам сталі вышываць разнастайныя зааморфныя, арнітаморфныя, антрапаморфныя і асабліва раслінныя матывы, пашырэнне якіх стымулявалася спецыяльнымі ўзорнікамі з распрацаванымі пад гэтую тэхніку вышыўкі так званымі «бракараўскімі» ўзорамі, якія, дарэчы, дадаткова паспрыялі і ўвядзенню чорнага колеру[16].

Вышыўка насцілам

Вышыўка насцілам (двухбаковая лічаная гладзь, высціланне) мае старажытныя традыцыі, але ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя сустракалася спарадычна, галоўным чынам на Паазер’і[16].

Падобнай тэхнікай аздаблялі пераважна кампаненты адзення[16].

Вышыўка процягам

Вышыўка процягам на паштовай марцы Беларусі

Вышывальная тэхніка, заснаваная на выкарыстанні шва «наперад іголку  (укр.)», якая імітуе ўзорыстае бранае ткацтва.

З канца XIX стагоддзя вышыўка наборам хоць і саступае свае пазіцыі бранаму ткацтву, але ўсё яшчэ пераважае сярод іншых відаў лічаных швоў на Заходнім Палессі, у паўднёвых раёнах Цэнтральнай Белараусі, сустракаецца на Падняпроўі і Панямонні[16].

Рэгіянальныя беларускія назвы гэтай тэхнікі (нацяг, процяг, нацяганне, завалаканне) тлумачаць і тэхнілогію яе выканання: нітка працягваецца па ўсёй шырыні ці даўжыні ўзору, шывок кладзецца ўздоўж нітак асновы ці ўтку то зверху, то знізу тканіны, утвараючы на яе адваротным баку негатыўнае адлюстраванне[15].

Вышыўка роспісам

Адным з найболей старажытных з’яўляецца двухбаковы шоў «роспіс», калі нітка працягваецца то па правым, то па левым баку малюнка, пазначаючы контур малюнка, а зваротным ходам іголкі запаўняліся прабелы (Падняпроўе, Падзвінне). Цяпер ён амаль забыты, толькі на Віцебшчыне можна знайсці старажытныя ручнікі з сілуэтнымі малюнкамі жывёл і раслін. Роспіс сустракаецца і на старажытнай вышыўцы Магілёўшчыны, на ручніках геаметрычным арнаментам, а на адзенні спалучаецца з наборам, дапаўняючы шыццё лёгкім зігзагападобным падузорам. У паўночных рэгіёнах Беларусі роспісам выконваліся вядомыя міфалагічныя сюжэты з дрэвам жыцця, птушкамі, антрапаморфнымі вобразамі[17].

Традыцыйныя шыўкі

Рэгіянальнасць

Вышыты арнамент на жаночай сялянскай кашулі слуцкага строя, XIX ст.

Беларуская вышыўка валодае арнаментальнымі і тэхналагічнымі рэгіянальнымі адметнасцямі, акрамя гэтага багацце дэкарыравання на вырабе таксама залежыць ад рэгіёну. Так, найболей багатым дэкарыраваннем вылучаецца вышыўка Падняпроўя, цэнтральнай Беларусі, Усходняга і Заходняга Палесся[2].

Роля вышыўкі

У сялянскім асяроддзі ўменне жанчын вышываць перадавалася з пакалення ў пакаленне. На Палессі ў багатых сем’ях з часамі збіраліся значныя запасы адзення. Гэтае багацце складалі працы мацярок, дачок і ўнукаў, здаралася, што тры пакаленні вышывалі разам. Вышыванне здаўна лічылася ў беларусаў адным з неабходных заняткаў жанчыны (асабліва дзяўчыны-нявесты), хоць і з пэўнымі узроставымі абмежаваннямі. Вышываць жанчын вучылі з дзяцінства. Больш за ўсё вышываннем займаліся незамужнія дзяўчаты, якія пачыналі гатаваць сабе пасаг задоўга да вяселля — ужо з 13-14 гадоў. Прыкладна з 12-15-гадовага ўзросту дзяўчына пачынала засвойваць працэс арнаментацыі іголкай. Першыя ўрокі браліся ў маці, чым забяспечвалася бесперапынная перадача традыцый, неабходных рамесніцкіх навыкаў. Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі. Для вышывання яны выкарыстоўвалі кожную вольную хвіліну: нават калі пасвілі жывёл, у перапынках падчас працы на панскім двары. Уменне ткаць і вышываць ацэньвалася як каштоўны навык, неабходны кожнай жанчыне[18]. Калі дзяўчына валодала галоўнымі жаночымі рамёствамі — прадзеннем, ткацтвам і вышыўкай і ў час вяселля магла прадэманстраваць свой багаты пасаг і дары, то лічылася, што яна майстрыха і працаўніца[19]. Высока ацэньвалася ўменне ствараць менавіта прыгожыя прадметы, упрыгожаныя ўзорамі, арнаментаваныя[20]. Жанчына ў замужжы прысвячала рукадзеллю не так шмат увагі — перш за ўсё з-за адсутнасці вольнага часу.

У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка — развітым і папулярным відам народнага мастацтва. Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, узорным ткацтвам, былі абавязковым атрыбутам традыцыйных абрадаў сямейнага і каляндарнага цыклаў. У той ці іншай ступені тэхнікай вышыўкі валодала кожная жанчына, пагатоў што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні з ткацтвам) спосабам аздаблення і арнаментацыі тканін.

Іншы раз вышыўку выконвалі талакой. У перадвясельны час талаку з бліжэйшых сваячак і сябровак збірала нявеста, каб своечасова падрыхтаваць неабходныя абрадавыя рэчы. Усёй грамадой аздаблялі вышыўкай і ручнік-абыдзённік, вытканы групай жанчын за адну ноч ці дзень для абароны сваёй вёскі ад пошасці, эпідэміі, засухі, градабою.

Вышыўку на ручніку для пахавальнага арнаменту дазвалялася рабіць толькі старым жанчынам, бо лічылася, што яе моц можа забраць маладую дзяўчыну на той свет.

Кожная вышыўка, як на ручніку, посцілцы, так і на адзенні мела свой сакральны сэнс. Уся вышыўка на народным аддзенні заўжды нешта сімвалізуе, узор залежыць ад таго, каму належыць гэтая вопратка і ў якіх выпадках яна апранаецца.

Зноскі

  1. Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 307.
  2. а б в г д е Беларуская вышыўка
  3. Штыхов, Г. В. Древний Полоцк / Г. В. Штыхов. — Минск, 1975. — С. 77 — 78
  4. Лысенко, П. Ф. Города Туровской земли / П. Ф. Лысенко. — Минск, 1974. — С. 111, 134.
  5. Тарасаў, С. Арнамент мінскіх чаравікаў / С. Тарасаў // МБ — 1985. № 12.
  6. а б в г Касцюм жыхароў Беларусі Х―XIII стст. : (паводле археалагічных звестак) / Л. У. Дучыц; [навуковы рэдактар Г. В. Штыхаў] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — 3-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2005. — 78, [2] с. : іл. ; 22 см. — Бібліяграфія: с. 45―50. — 500 экз. — ISBN 985-08-0639-7. С. 9
  7. Левинсон-Нечаева М. Н. Ткачество // Очерки по истории русской деревни X—XIII вв. Труды ГИМ, 33, — М., 1959. С. 9—37
  8. Шмидт Е. А. Курганы XI—XIII вв. у дер. Харлапово в Смоленском Поднепровье // Материалы по изучению Смоленской области. Вып. 2. Смо­ленск, 1957. С. 21.
  9. а б в Касцюм жыхароў Беларусі Х―XIII стст. : (паводле археалагічных звестак) / Л. У. Дучыц; [навуковы рэдактар Г. В. Штыхаў] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — 3-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2005. — 78, [2] с. : іл. ; 22 см. — Бібліяграфія: с. 45―50. — 500 экз. — ISBN 985-08-0639-7. С. 10
  10. Новицька М. О.  (укр.) Гаптування в Кйівськой Русі // Археологія. Кнів, 1965. Т. 8. С. 24-38
  11. Новицкая М. А.  (укр.) Золотная вышивка Киевской Руси // Bizantinoslavica. Прага, 1972. Т. 23. Вып. 1. С. 42-50; Орлов Р. С. Давноруська вышивка XII ст.//Археологія. КиТв, 1973. № 12. С. 41-50
  12. Сергеева 3. М. Курганный могильник у д. Лисно // КСИА. Вып. 175. М. 1983. С. 87
  13. Маслова, Г. С.  (руск.) Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник /Г. С. Маслова. — М., 1978. — С. 30 — 31.
  14. Фадзеева, В. Я. Беларуская народная вышыўка / В. Я. Фадзеева. — Мінск, 1991. — С. 83.
  15. а б Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 319.
  16. а б в г д е ё ж з Беларускае народнае мастацтва / Я. М. Сахута; (фота Я. М. Сахуты, Г. Л. Ліхтаровіча, В. У. Харчанкі). ― Мінск : Беларусь, 2011. — 367 с. С. 313—314.
  17. Винникова, М. Н. Народное узорное ткачество Беларуси конца ХІХ — начала ХХ века: автореф. дис. канд. Искусствоведения: 17.00.04 /М. Н. Винникова ; Ин-т искусствоведения, этнограф. и фальклора им. К. Крапивы НАН Беларуси. — Минск, 2001. — 24 с.
  18. Вяселле: Беларуская народная творчасць. Мн., 1980. Кн. 1 № 526
  19. Вяселле: Беларуская народная творчасць. Мн., 1980. Кн. 1 № 321
  20. Вяселле. Мн., 1988. Кн. 4. № 1116

Літаратура

  • Беларуская народная вышыўка / В. Я. Фадзеева; [рэдактар В. К. Бандарчык] ; Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1991. — 197, [2] с. : іл., каляр. іл. ; 22 см. — Бібліяграфія ў падрадковых заўвагах. — 2000 экз. — ISBN 5-343-00159-9 (у пераплёце) : 4 р.
  • Рудніцкая Г. Р. Беларуская вышыўка. Крыжык. У дзвюх частках. Частка 1. Дапаможнік. Частка 2. Узорнік. 2023
  • Рудніцкая, Г. Р. (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Беларуская народная вышыўка. Процяг [Выяўленчы матэрыял] : у 2 ч. / Г. Р. Рудніцкая. — Мінск : Капитал Принт, 2022. — ISBN 978-985-7161-69-0
  • Рудніцкая, Г. Р. (дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Беларуская вышыўка [Выяўленчы матэрыял] : лікавая гладзь : метадычны дапаможнік / Г. Р. Рудніцкая ; Дзяржаўная ўстанова «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». — Мінск : [б. в.], 2018. — 56 с., [15] с. іл. : іл., каляр. іл. ; 24 см. — 45 экз.

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!