«Беларуская аўтакефальная царква» — назва «шпіёнска-паўстанцкай арганізацыі», прыдуманай у ліпені—верасні 1937 супрацоўнікамі НКУС БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычных працэсаў над дзеячамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ).
Гісторыя
Паводле версіі НКУС, арганізацыя пачала фарміравацца ў 1918 годзе ў час нямецкай акупацыі Менска; складалася з 13 паўстанцкіх груп, якія «існавалі» ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Клічаўскім, Менскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Смілавіцкім і Чавускім раёнах; «аб’ядноўвала» больш за 200 чал., у т. л. 2 архіепіскапаў, 30 святароў, 170 кулакоў і былых царскіх чыноўнікаў. Яе кіраўніком быў абвешчаны епіскап Філарэт (Раменскі); у кіруючы цэнтр уключана 12 чал.: архіепіскап Афанасій (Вячорка), святары Мінскай аўтакефальнай царквы Марыі Магдаліны А. П. Кіркевіч, С. I. Кульчыцкі, М. С. Рубановіч і рэгент П. П. Вяршынскі, святар Дзяржынскай царквы С. Я. Садоўскі, дзякі Я. С. Бараноўскі і У. С. Лобач, бухгалтар А. Я. Наўроцкі, а таксама В. А. Лобач, М. Я. Раменская, Н. I. Пуйман. У члены «арганізацыі» быў залічаны і мітрапаліт Мелхіседэк, які нібыта ажыццяўляў асабістую сувязь з Юзафам Пілсудскім.
3 польскай разведкай «арганізацыя» нібыта была звязана праз ксяндза Яна Баравіка[1] і пінскага архіепіскапа Аляксандра (Іназемцава). «Удзельнікаў арганізацыі» абвінавачвалі ў «контррэвалюцыйнай агітацыі супраць калгасаў», у тым, што яны «па ўказаннях Раменскага праводзілі на практыцы унію з рымска-каталіцкай царквой, прыцягвалі да царквы антысавецкі актыў католікаў». Паводле абвінаваўчага заключэння, «контррэвалюцыйнай групай царкоўнікаў намечаны кандыдатам у Саветы пры перавыбарах Кульчыцкі, і за яго вядзецца агітацыя ў царкве, сярод веруючых». У час арышту членаў арганізацыі была канфіскавана літаратура рэлігійнага зместу і далучана да справы «як контррэвалюцыйная», у т. л. кнігі Э. Рэнана, часопіс «Вера и разум» і інш.
Паводле рашэння Асобай тройкі НКУС БССР ад 25 кастрычніка 1937 года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання 11 кіраўнікоў «арганізацыі» і 1 лістапада 1937 года расстраляны ў Менску; В. А. Лобач і Пуйман прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў.
Пра рэабілітацыю ўдзельнікаў «арганізацыі» пытанне ўзнімалася ў ліпені 1940, снежні 1954 і студзені—сакавіку 1958. Аднак толькі ў адносінах да жанчын было прызнана, што яны «засуджаны без дастатковых на тое падстаў». У маі 1960 па скарзе сваякоў «за недаказанасцю складу злачынства» рэабілітаваны У. С. Лобач. 5 красавіка 1989 года на падставе арт. 1 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 студзеня 1989 года рэабілітаваны ўсе члены «арганізацыі».
Літаратура
- ↑ Пакутнікі за веру. Ян Баравік (нявызн.). mohylev-katolik.by. Праверана 1 лістапада 2023.