БКА, БелКА (абрэвіятура ад Беларускі касмічны апарат) — другі беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Створаны па заказе НАН Беларусі. Запуск ажыццявіўся з касмадрома «Байканур» 22 ліпеня 2012 года (планаваўся ў чэрвені)[1] разам з расійскім спадарожнікам «Канопус-В»[2]. Спадарожнік прыкладна за 43 хвіліны[3] быў выведзены ракетай-носьбітам «Саюз» і разгонным блокам «Фрэгат» на арбіту вышынёй прыкладна ў 500—520 км[4]. У далейшым спадарожнік увойдзе ў групоўку спадарожнікаў, якая будзе выкарыстоўвацца ў праектах Саюзнай дзяржавы[1].
Маса спадарожніка складае 400 кг, разрозненне — 2 метра[2].
Гісторыя стварэння
Першапачаткова запуск планаваўся на сакавік-красавік 2011 года, пра што заявіў першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь[5].
18 сакавіка 2011 года пра гатовасць спадарожніка да запуску заявіў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка[6]. 20 красавіка 2011 года прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў, што Беларусь пацвярджае гатовасць запуску[7].
23 чэрвеня 2011 года старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Анатоль Русецкі заявіў, што ўсе працы па запуску беларускага спадарожніка плануецца завяршыць да канца 2011 года[4]. У той жа дзень стала вядома, што «БКА» будзе застрахаваны ў Белдзяржстраху на суму да 20 млрд беларускіх рублёў[8].
12 жніўня 2011 года ў прэс-цэнтры НАН Беларусі абвясцілі, што наземная частка абсталявання практычна гатовая[9].
25 кастрычніка 2011 года генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Тузікаў заявіў, што «З запускам спадарожніка Беларусь увойдзе ў лік касмічных дзяржаў.»[10] У той жа дзень намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Расійскія касмічныя сістэмы» Анатоль Пермінаў растлумачыў прычыну пераносу запуску спадарожніка. Спадарожнікі (і беларускі і расійскі) не маглі быць своечасова гатовыя, бо праграмнае забеспячэнне, якое павінны быў падрыхтаваць англійскі бок, не было гатова[11].
Станам на 12 красавіка 2012 года спадарожнік быў ужо сабраны і праходзіў выпрабаванні[12].
Паводле словаў Міхаіла Кавалёва 20 красавіка 2012 года «У наш час наземная частка беларускай камп'ютарнай сістэмы цалкам гатовая да працы. Беларускі бок цалкам гатовы да выкарыстання касмічнай інфармацыі.»[1]
Запуск
28 чэрвеня 2012 года стала вядома, што запуск спадарожніка адбудзецца 22 ліпеня таго ж года[13]. 17 ліпеня на Байкануры была завершана зборка галаўной часткі ракеты для хуткага запуску па праграме «Саюз/Канопус-В/БКА»[14]. 20 ліпеня стала вядома час запуску. Спадарожнік планавалася запусціць у 9 гадзін 41 хвіліну па мінскім часе[15]. 22 ліпеня прыкладна ў 11 гадзін раніцы па мінскім часе ў ЦКП паступіла першае паведамленне ад спадарожніка[16].
29 жніўня 2012 года са спадарожніка пачалі паступаць першыя касмічныя здымкі[17].
Эксплуатацыя
Гарантыйны тэрмін эксплуатацыі першага беларускага спадарожніка заканчваецца ў ліпені 2017. БКА быў разлічаны на пяць гадоў. Аднак увосень завод-вытворца, ацаніўшы тэхнічны стан і запасы гаручага, працягнуў тэрмін эксплуатацыі яшчэ на два гады - да канца 2018-га. Беларускі спадарожнік па-ранейшаму застаецца найперш навуковым і іміджавым праектам. Ён ствараўся на дзяржаўныя грошы. І дзяржава на дадзены момант застаецца асноўным спажыўцом інфармацыі. Здымкі з беларускага спадарожніка выкарыстоўваюць упарадкавацелі, выратавальнікі, леснікі, пагранічнікі - усяго больш за два дзесяткі устаноў. Прычым уся гэтая інфармацыя перадаецца дзяржорганам бясплатна. Але даходы ад праекту перавысілі выдаткі на 8 мільёнаў даляраў.[18]
Гл. таксама
Крыніцы
Спасылкі
|
---|
Арганізацыя | |
---|
Апараты | |
---|