Алімпійская зборная Беларусі па футболе — зборная, якая прадстаўляе Беларусь на Алімпійскіх гульнях. Беларусь — першая краіна СНД, зборная якой здолела трапіць на Алімпійскія гульні.
У лютым 2004 года моладзевая зборная Беларусі па футболе прымала ўдзел у міжнародным турніры на Мальце. На турніры звычайна прымалі ўдзел нацыянальныя зборныя, але Беларусь, якая рыхтавалася да ўдзелу ў моладзевым чэмпіянаце Еўропы ўлетку 2004, выставіла моладзь (ігракі 1981 года нараджэння і маладзей). За каманду, аднак, гуляла чатыры ветэраны — ігракі барысаўскага БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч, Яўген Лашанкоў, Алег Страхановіч і Мікалай Рындзюк (галоўны трэнер моладзевай зборнай Юрый Пунтус адначасова ўзначальваў БАТЭ) — і ў сувязі гэтым каманда адправілася на турнір пад сцягам алімпійскай зборнай (моладзевы чэмпіянат Еўропы 2004 адначасова з'яўляўся адборачным турнірам для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2004 у Афінах). У выніку, беларуская зборная перамагла ў мальтыйскім турніры, але на моладзевым чэмпіянаце Еўропы не выйшла з групы і не трапіла на Алімпіяду.
Г — гульні, В — перамогі, Н — нічыі, П — паражэнні, Галы — забітыя і прапушчаныя галы, ± — розніца галоў, А — ачкі
Згодна з рэгламентам, на Алімпійскія гульні 2012 у Лондане (матчы футбольнага турніру, аднак, праводзяцца ў розных гарадах Вялікабрытаніі), трапляюць гаспадары — зборная Вялікабрытаніі, а таксама тры лепшыя каманды моладзевага чэмпіянату Еўропы 2011 (не лічачы Англію). Адмыслова дзеля вызначэння краіны, якая трапляе на Алімпіяду, быў праведзены матч за трэцяе месца, у якім 25 чэрвеня 2011 моладзевая зборная Беларусі перамагла равеснікаў з Чэхіі з лікам 1:0 (адзіны мяч на 88-й хвіліне забіў Ягор Філіпенка) і трапіла на Алімпійскія гульні.
На моладзевым чэмпіянаце Еўропы 2011 мелі права гуляць футбалісты 1988 года нараджэння і маладзей. На Алімпійскіх гульнях мелі права гуляць ігракі 1989 года і маладзей, а таксама тры вопытных футбаліста без абмежавання ўзросту. Такім чынам, удзел футбалістаў моладзевай зборнай 1988 года нараджэння (сярод іх Станіслаў Драгун, Міхаіл Сівакоў, Ягор Філіпенка, Сяргей Мацвейчык, Мікіта Букаткін, Юрый Астравух, Павел Няхайчык, Дзмітрый Рэкіш, Яўген Савасцьянаў, Дзмітрый Гушчанка, Алег Вераціла) непасрэдна ў Алімпійскіх гульнях быў вельмі спрэчным.
Трэнерам алімпійскай зборнай быў прызначаны Георгій Кандрацьеў, які да гэтага ўзначальваў моладзевую зборную. У снежні 2011 ён быў прызначаны адначасова галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай.
Адразу пасля перамогі над чэхамі Кандрацьеў заявіў, што аснову алімпійскай зборнай будуць утвараць ігракі, якія дамагліся поспеху ў Даніі. Насамрэч, першых матчах у склад зборнай з старэйшых пападалі толькі ігракі 1988 года нараджэння (Букаткін, Вераціла і іншыя — якія здабывалі перамогу ў Даніі), толькі вопытны Аляксандр Бычанок згуляў у адным матчы. У сакавіку 2012 быў прадстаўлены пашыраны спіс з 43 футбалістаў, якія могуць прыняць удзел у Алімпіядзе (сярод іх былі вопытныя футбалісты — Аляксандр Глеб, Сяргей Кісляк, Антон Пуціла, Віталь Радзівонаў, Сяргей Карніленка, Рэнан Брэсан — якія не здабывалі алімпійскую пуцёўку).
З 23 мая па 1 чэрвеня 2012 праходзіў турнір у французскім Тулоне, у якім прымалі ўдзел моладзевыя зборныя, у тым ліку і алімпійскія. Беларусь выступіла няўдала — набрала толькі адно ачко і не выйшла з групы.
9 ліпеня быў абвешчаны канчатковы склад зборнай на алімпіядзе[4]. Кандрацьеў намагаўся браць у зборную ігракоў, якія маюць практыку ў сваіх клубах[5], таму не Алімпіяду не здолелі трапіць Сівакоў і Няхайчык. З вопытных ігракоў на Алімпіяде апынуліся Драгун (які стаў капітанам), Карніленка і Брэсан. Сярод іх, запрашэнне натуралізаванага бразільца мела нямала праціўнікаў[6]. Вераціла трапіў у лік рэзервных ігракоў.
11 ліпеня зборная накіравалася ў Англію для апошняй падрыхтоўкі і серыі кантрольных матчаў.
Нумар прастаўлены толькі ў ігракоў, якія трапілі на Алімпіяду (з 1 па 18 — асноўны склад, з 19 па 22 — рэзерв). Колерам пазначаны футбалісты 1988 года нараджэння і старэйшыя.