Аляксей Янушкевіч (нар. 15 студзеня 1986, Мінск) — беларускі футбаліст, абаронца.
Пачаў кар’еру ў мінскім «Дынама», гуляў у арэндзе ў жодзінскім «Тарпеда».
З 2009 года — ігрок салігорскага «Шахцёра». У сезоне 2010 стаў асноўным цэнтральным абаронцам каманды. У другой палове 2013 года стаў часам заставацца на лаўцы запасных, саступаючы месца цэнтральных абаронцаў Яўгену Постнікаву і Мікалаю Кашэўскаму.
Па заканчэнні сезона 2013 з’явілася інфармацыя аб магчымым пераходзе Янушкевіча ў казахстанскі «Атырау», але ў снежні 2013 года кантракт з «Шахцёрам» быў падоўжаны[3]. У сезоне 2014 зноў стаў трывалым цэнтральным абаронцам салігарчан.
У студзені 2015 года зноў падоўжыў кантракт з гарнякамі[4]. Сезон 2015 распачаў у цэнтры абароны, але пазней стаў часцей выкарыстоўвацца на флангах. Канец сезона быў вымушаны прапусціць з-за траўмы. У лістападзе 2015 года чарговы раз падоўжыў кантракт з «Шахцёрам»[5]. У сезоне 2016 страціў месца ў аснове, згуляўшы толькі ў 11 матчах чэмпіянату. Па заканчэнні сезона з’явілася інфармацыя аб тым, што Янушкевіч можа пакінуць Салігорск[6], аднак у выніку ў студзені 2017 года падоўжыў кантракт з клубам[7]. У сезоне 2017 вярнуў месца асноўнага цэнтральнага абаронцы салігарчан. У кастрычніку 2017 года стала вядома, што Янушкевіч застанецца ў камандзе на наступны сезон[8].
Сезон 2018 пачынаў на лаўцы запасных, пазней стаў выхадзіць у стартавым складзе, а ў чэрвені выбыў да канца сезона з-за траўмы. У снежні 2018 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Шахцёр»[9] і неўзабаве стаў іграком «Іслачы»[10], дзе замацаваўся ў аснове. У лістападзе 2019 года падоўжыў кантракт з «Іслаччу»[11].
У студзені 2021 года пакінуў «Іслач»[12] і неўзабаве падпісаў пагадненне з «Віцебскам»[13]. Не меў трывалага месца ў стартавым складзе віцебскай каманды, выкарыстоўваўся як ігрок ратацыі. У студзені 2022 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Віцебск»[14] і завяршыў прафесійную кар’еру.
Гуляў за моладзевую зборную Беларусі, у тым ліку на чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі ўлетку 2009 года.
У кастрычніку 2014 года быў упершыню выкліканы ў нацыянальную зборную Беларусі[15]. Дэбютаваў у зборнай 15 лістапада 2014 года, адгуляўшы ўвесь матч супраць Іспаніі (0:3) на пазіцыі цэнтральнага абаронцы. Пасля амаль трохгадовага перапынку зноў быў выкліканы ў зборную ў кастрычніку 2017 года.
Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе[16][17].