Аляксей Барысавіч Рубцоў (6 мая 1923, Мінск — 10 ліпеня 1963, Брэст) — беларускі крытык, літаратуразнаўца, выкладчык кафедры расійскай і замежнай літаратуры Брэсцкага педінстытута. Кандыдат філалагічных навук (1954), дацэнт (1960).
Нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. Скончыў сярэднюю школу ў Мінску. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў філалагічнае аддзяленне БДУ (1949). Працаваў выкладчыкам Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1949—1954). З 1954 — выкладчык, загадчык кафедры рускай літаратуры Брэсцкага педінстытута.
У друку пачаў выступаць з 1949. Даследаваў расійскую драматургію канцы XIX — пач. XX стагоддзя. Аўтар кніг «З гісторыі расійскай драматургіі канца XIX — пачатку XX стагоддзя» (ч. 1 і 2), «Драматургія Аляксандра Блока», у якіх прасочваецца станаўленне і развіццё драматургічных талентаў расійскіх пісьменнікаў на пераломе стагоддзяў.
Пахаваны на Трышынскіх могілках[1].