Аляксей Кудзін (нар. 12 кастрычніка 1984 г. Мінск, Беларуская ССР, СССР) — беларускі кікбаксёр-прафесіянал. Чэмпіён свету і Еўропы па версіі WBKF, фіналіст турніру King of Kings — этапу Гран-пры K-1 (2010).
Акрамя спаборніцтваў па кікбоксінгу правёў некалькі прафесійных баёў па змяшаных адзінаборствах.
Удзельнік пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020 года. Тады ў Маладзечна Аляксей Кудзін пабіўся з амапаўцамі, пасля чаго быў жорстка затрыманы, стаў фігурантам крымінальнай справы. Абвінавачваны па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў). З жніўня да сярэдзіны лістапада знаходзіўся пад хатнім арыштам, а пасля з’ехаў з Беларусі ў Заходнюю Еўропу. Затым перабраўся ў манастыр у Расію, дзе яго затрымалі па патрабаванні беларускіх уладаў[1]. Яго экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён у выніку і быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі. Выйшаў на волю пад канец 2022 года.
12 жніўня 2021 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітычным вязнем[2].
Жонка Таццяна Пархімовіч, у сям’і двое родных і трое прыёмных дзяцей[1].