Альфонс, як і ягоны бацька, быў жорскім і вераломным, але быў пазбаўлены добрых якасцей Фердынанда I: адукаванасці, любові да мастацтва і навукі. Яшчэ пры жыцці бацькі Альфонс быў вядомы сваёй грубасцю, распустай, прычым ахвярамі яго гвалту стала нямала дзяўчын са знатных сем'яў. Альфонс быў вінаваты ў многіх злачынствах у час уварвання ў Папскую вобласць у 1485—1486 гадах і быў адным з ініцыятараў і ўдзельнікаў вераломнага забойства былых мяцежнікаў, якім раней Фердынандам I крывадушна дараваў. За гэта Альфонс, як і яго бацька, быў адлучаны Папам Інакенціем VIII ад Царквы.
Альфонс II атрымаў трон бацькі ў спадчыну ў студзені 1494 года. Яго ўзыходжаннем былі незадаволены яго падданыя, цудоўна знаёмыя з норавам новага караля, супраць Альфонса выступіў Папа Аляксандр VI. Сітуацыяй скарыстаўся кароль Францыі Карл VIII, які артымаў па спадчыне пасля згасання Анжуйскай лініі Валуа права на неапалітанскую карону (яго бабка Марыя Анжуйская была роднай сястрой Людовіка III Анжуйскага і Рэнэ Добрага). Карл VIII абвясціў у 1494 годзе пра свае правы на Неапаль і выступіў у італьянскі паход. Альфонс II быў вымушаны адступіць з Папскай вобласці ў сваё каралеўства, а пасля ўварвання войскаў Карла VIII у Рым (студзень 1495 года) адрокся ад прастола на карысць свайго сына Фердынанда II (1469—1496). Пасля адрачэння Альфонс II з'ехаў у Сіцылію, дзе і памёр 19 лістапада 1495 года ад злаякаснага нарыва.
Альфонс II паказаў сябе нікчэмным кіраўніком, не здолеўшы дамагчыся ні лаяльнасці падданых, ні міжнароднага аўтарытэту. Яго кароткае валадаранне стала пачаткам канца незалежнага Неапалітанскага каралеўства.
Сям'я
Альфонс II быў у шлюбе з міланскай прынцэсай Іпалітай Марыяй Сфорца (18.04.1446 — 20.08.1484) і меў ад яе траіх дзяцей, у тым ліку:
Фердынанд II (26.07.1469 — 07.10.1496), кароль Неапаля ў 1495—1496 гг.
Ізабела (02.10.1470 — 11.02.1524), жонка міланскага герцага Джан Галеаца II (1469—1494)