Альбрэхт Радзівіл (25 сакавіка 1717, маёнтак Здзецел Новагародскага ваяводства — 1790, Глуск) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Староста рэчыцкі (1734—1773), генерал-маёр войскаў Вялікага Княства Літоўскага (з 1755).
Валодаў Крожамі ў Жамойці, Глускам і Хальчам у Рэчыцкім павеце і інш.
Біяграфія
З нясвіскай лініі роду Радзівілаў герба «Трубы», сын Мікалая Фаўстына і Барбары з Завішаў. Меў братоў Удальрыка Крыштафа, Юрыя і Станіслава.
Па смерці караля і вялікага князя Аўгуста Моцнага (1733) выступаў разам з бацькам і братамі за абранне на прастол Аўгуста Саса. Быў паслом на пацыфікацыйны сойм 1736, дзе падпісаў дыплом пра абранне Аўгуста Саса. У 1750 абіраўся маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1740-х быў палкоўнікам літоўскай панцырнай кавалерыі, з 1754 — палкоўнікам гусарскага знаку ў харугве каралевіча Фрыдэрыка.
Падчас бескаралеўя (1763) быў супраціўнікам Чартарыйскіх, выступаў супраць абрання на прастол Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі і быў адным з кандыдатаў на пасаду яе маршалка ў Вялікім Княстве Літоўскім; у 1770 абіраўся маршалкам канфедэрацыі ў Рэчыцкім павеце. У 1771 распрацаваў план «вялізнай дыверсіі», паводле якога канфедэрацыя мусіла распаўсюдзіцца на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Па захопе галоўных замкаў дзяржавы літоўскае войска мусіла сабрацца ў Бабруйску і адтуль выправіцца маршам у Каралеўства Польскае.
Пасля паражэння канфедэрацыі выехаў у Сілезію, потым у Італію. У 1777 вярнуўся і прымірыўся з каралём.
У шлюбе з Ганнай Кунегундай Халецкай меў 3 дачкі і сына Дамініка (1754—1798), старосту кнышынскага.
Зноскі
Літаратура
Альбрэхт Радзівіл (1717—1790) — продкі |
---|
|