А́льбрэхт II Му́дры (ням.: Albrecht II der Weise; 12 снежня 1298, замак Габсбург, Швейцарыя — 16 жніўня 1358, Вена) — герцаг Аўстрыйскі і Штырыйскі c 1 мая 1308 года (сумесна з братамі), а з 26 лютага 1339 года аднаасобна, герцаг Карынтыі (з 1335 года) з дынастыі Габсбургаў.
Альбрэхт II быў чацвёртым сынам германскага караля і аўстрыйскага герцага Альбрэхта I і Лізаветы Гарыцкай, дачкі Мейнхарда II, герцага Карынтыі. У 1330 годзе, пасля смерці свайго старэйшага брата Фрыдрыха I, Альбрэхт II атрымаў у спадчыну прастол Аўстрыі, падзяліўшы ўладу з малодшым братам Атонам, а пасля смерці брата стаў кіраваць аднаасобна. Быўшы жанатым са спадчынніцы эльзасскага графства Пфірт, Альбрэхт II далучыў гэту вобласць да ўладанняў Габсбургаў. У 1335 годзе, пасля смерці апошняга прадстаўніка Гарыцка-Цірольскай дынастыі, у склад аўстрыйскіх уладанняў увайшло шырокае герцагства Карынтыя. Праўда, Ціроль з-за супраціўлення мясцовай арыстакратыі далучыць не ўдалося: там стала кіраваць графіня Маргарыта Маўльташ.
Альбрэхт II дзякуючы сваёй разважлівасці і адсутнасці агрэсіўных замежнапалітычных памкненняў заваяваў значны аўтарытэт у Германіі. У 1335 годзе, напрыклад, Папа Рымскі Бенедыкт XII перадаў на пасродніцтва Альбрэхта II сваю спрэчку з імператарам Людвігам IV. У 1337 годзе па дапамогу Альбрэхта II супраць імператара і Англіі звярнуўся французскі кароль Філіп VI. Аднак аўстрыйскі герцаг адмовіўся выступіць супраць Людвіга IV і да канца жыцця заставаўся лаяльным імператару.
На час кіравання Альбрэхта II у Аўстрыі прыйшліся вялікія ўнутраныя ўзрушэнні: паводкі, землетрасенне, чума «Чорная смерць» 1348—1349 гадах. Складанае становішча склалася ў радавых пярэдне-аўстрыйскіх уладаннях Габсбургаў: тут умацоўваўся ўплыў Швейцарскага саюза, да якога ў 1351 годзе далучыўся Цюрых. Паход Альбрэхта II на Цюрых у 1352 годзе апынуўся няўдалым, і горад разам з наваколлямі быў страчаны для герцага.
Альбрэхт II надаваў шмат увагі ўпарадкаванню дзяржаўнай сістэмы сваіх уладанняў. Для Штырыі і Карынтыі ён распрацаваў і зацвердзіў асноўныя законы, якія захоўвалі моц да падзення манархіі Габсбургаў, у тым ліку штырыйскую «Горную кнігу» (ням.: Bergbüchel).
У 1355 годзе Альбрэхт II зацвердзіў закон, які забараняў падзел уладанняў Габсбургаў, — так званае «Правіла Альберцінскага дому» (ням.: Albertinische Hausordnung). Нягледзячы на тое, што ўжо дзеці Альбрэхта II парушылі гэты закон і падзялілі паміж сабой аўстрыйскія землі, дзеянне «Правіла Альберцінскага дому» было адноўлена імператарам Максіміліянам I, а пазней увайшло ў тэкст Прагматычнай санкцыі і заставалася адным з краевугольных законаў Аўстрыйскай манархіі да 1918 года.
ПераемнікРудольф IV