Агнеса дэ Пуацье (ням.: Agnes von Poitou; каля 1025 — 14 снежня 1077, Рым) — імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі, жонка імператара Генрыха III і маці імператара Генрыха IV, рэгент імперыі ў 1055—1061 гадах.
Біяграфія
Агнеса дэ Пуацье была дачкой герцага Аквітаніі і графа Пуату Гільёма V і яго жонкі, Агнесы Бургундскай. У 1043 годзе ў Майнцы яна была каранавана як каралева Германіі, а 21 лістапада таго ж года заручана з Генрыхам III. Каранацыя іх абодвух імператарскай каронай адбылася ў Рыме 25 снежня 1046 года. Агнеса была другой жонкай Генрыха; першая яго жонка, Гунхільда Дацкая, сканала ад малярыі. Шлюб з Агнесай меў для Генрыха ў першую чаргу палітычную карысць — гэтым ён завязваў дружалюбныя і роднасныя адносіны з найбольш знатнымі французскімі фаміліямі, якія мелі ўплыў на французскага караля, а таксама ўмацоўваў свае пазіцыі ў памежнай Бургундыі, радзіме Агнесы па маці.
Агнеса была адукаванай і набожнай дзяўчынай, якая мела цесныя сувязі з Клюнійскім абацтвам. Як і яе мужу, ёй былі не даспадобы распушчанасць і разгульнасць прыдворнага жыцця. Так, на вяселлі Генрыха і Агнесы былі адменены звычайныя ў такіх выпадках выступлення блазнаў і акрабатаў, вандроўных фігляраў. Яна таксама падтрымала спробы мужа ўвесці ў Германіі звычаі Божага міру (treuga dei), спыніць звычайныя для краіны бясконцыя звады і крэўную помсту. Зрэшты, пры жыцці Генрыха III Агнеса, якая нарадзіла шасцярых дзяцей, адкрыта не выступала на палітычнай сцэне.
Пасля смерці мужа 5 кастрычніка 1056 года Агнеса бярэ на сябе, у якасці рэгенткі пры малалетнім, але ўжо каранаваным спадчынніку Генрыху IV, уладу над краінай. У пачатку свайго кіравання Агнесе дапамагаюць у правядзенні палітыкі, распачатай яе мужам, хросны спадчынніка, клюнійскі абат Гуга Клюнійскі і Рымскі Папа Віктар II. Асноўным клопатам Агнесы было падтрыманне міру ў імперыі. Віктар II, якому ў свой час Генрых III дапамог стаць папам, цяпер клапаціўся аб падтрыманні раўнавагі паміж каронай, дваранствам Імперыі і яе епіскапатам.
З часам Агнеса паспрабавала зацвердзіцца сярод германскай знаці, раздорваючы буйныя лены. Так, у 1056 годзе яна перадала герцагства Карынтыя Конраду III, у 1057 годзе — Швабію — Рудольфу Швабскаму, які атрымаў таксама ў кіраванне і Бургундыю. Герцагства Баварыя яна перадала ў 1061 годзе вопытнаму военачальніку, саксонскаму графу Атону Нордгаймскаму — таму што ў сувязі з абвастрэннем адносін з Венгрыяй ёй патрэбна была трывалая граніца на паўднёвым усходзе імперыі. Атону Нордгаймскаму ўдалося пасадзіць на венгерскі трон Саламона з дынастыі Арпадаў, які ажаніўся ў 1063 годзе з дачкой Агнесы, Юдытай. Агнеса карысталася ў краіне выключнай павагай і аўтарытэтам. У той жа час усе гэтыя зямельныя падараванні аб'ектыўна спрыялі аслабленню цэнтральнай улады і самой Салічнай дынастыі.
У 1057 годзе сканаў Папа Віктар II, і ў палітыку Агнесы з рымскай курыяй пачаліся змены. Новы Папа Мікалай II выдаў дэкрэт, які вызначыў новы парадак абрання пап, а менавіта толькі пасродкам галасавання кардыналаў — што ішло ў супярэчнасць як з інтарэсамі імперыі, так і рымскага набілітэту. Адносіны паміж Рымам і Імперыяй пачалі хутка пагаршацца. Пасля смерці Мікалая II 19 ліпеня 1061 года, кардыналы абіраюць новым Папам біскупа Лукі Ансельма (папа Аляксандр II). У адказ на гэта Агнеса высоўвае свайго кандыдата — біскупа Пармы Кадалуса (антыпапа Ганорый II). Так пачалася працяглая схізма, якая скончылася толькі на саборы ў 1064 годзе звяржэннем Ганорыя II. Паражэнне ў гэтай рэлігійнай барацьбе нанесла імператрыцы вельмі адчувальны ўдар, яна таксама вымушана была падзяліць віну за раскол у імперскай царкве, выкліканы ўсімі гэтымі падзеямі.
Лічачы сябе адказнай за крызіс у царкве і паражэнне ў палітыцы, якую яна праводзіла ў дачыненні да Рыма, Агнеса адыходзіць ад свецкая жыцця і актыўнай палітычнай дзейнасці, рыхтуючы сябе да духоўнага жыцця (меркавана ў лістападзе 1061 года). Як «субрэгент» ёю быў прызначаны біскуп Генрых Аўгсбургскі. Гэта прызначэнне Генрыха не знайшло паразумення ў многіх знатных людзей Германіі, якія лічылі, што ў яго аснове ляжыць ганебная любоўная сувязь паміж ім і імператрыцай. Выхаванне ж юнага Генрыха IV міністэрыяламі, гэта значыць людзьмі несвабоднымі, «які не маюць паходжання», прывяло да змовы і адкрытага выступлення ў 1062 годзе, калі юны імператар быў выкрадзены групай дваран на чале з архібіскупам кёльнскім Ана II, і дастаўлены ў дзюсельдорфскій бург Кайзерверт, дзе далей выхоўваўся.
Пасля падзей у Кайзерверце Агнеса вядзе рэлігійнае, духоўнае жыццё. У той жа час яна не сыходзіць, як яна жадала, у манастыр, да дасягнення яе сынам паўналецця — як адзіны гарант яго ўзыходжання на трон і працягу Салічнай дынастыі ў імперыі. Толькі пасля атрымання Генрыхам IV яго суверэнных правоў у сакавіку 1065 года яго маці змагла ажыццявіць даўно задуманае ёю падарожжа ў Італію. Тут Агнеса падоўгу жыве ў манастыры Фрутуарыя, падтрымлівае манастыры Монтэкасіна і Суб'яка. Выступала таксама саветнікам Папаў Аляксандра II і Грыгорыя VII, абараняючы пры гэтым інтарэсы свайго сына Генрыха IV. Памерла ў 1077 годзе ў Рыме, пахавана ў Саборы Святога Пятра.
Дзеці
- Адэльгейда II (1045—1096), абатыса Гандэрсгеймская і Кведлінбургская;
- Гізела (1047—1053);
- Мацільда Швабская (1048—1060), з 1059 у шлюбе з Рудольфам Швабскім, герцагам Швабскім, з 1077 антыкаралём Германіі;
- Генрых IV (1050—1106), з 1056 кароль, у 1084—1106 імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі;
- Конрад II, (1052—1055) герцаг Баварыі;
- Юдыт (1054—1092/1096), у першым шлюбе з Саламонам (пам. 1087), каралём Венгрыі (з 1063); у другім — з 1089 за Уладзіславам I Германам, (пам. 1102), князем польскім.
Зноскі
- ↑ Agnes // British Museum person-institution thesaurus Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Agnes von Poitou // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Pas L. v. Genealogics — 2003.
Літаратура
- Bruno, Sachsenkriege, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 12) Darmstadt 1963.
- Das Leben Kaiser Heinrichs IV., (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 12) Darmstadt 1963.
- Lampert von Hersfeld, Annalen, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 13) Darmstadt 1973.
- Berthold von Reichenau: Chronik, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 14) Darmstadt 2002.
- Frutolf von Michelsberg: Chronik, (Ausgewählte Quellen zur Deutschen Geschichte des Mittelalters, FSGA 15) Darmstadt 1972.
- Mechthild Black-Veldtrup: Kaiserin Agnes (1043—1077). Quellenkritische Studien. Böhlau Verlag, Köln 1995, ISBN 3-412-02695-6.
- Marie-Luise Bulst-Thiele: Kaiserin Agnes, Gerstenberg, Hildesheim 1972 (Repr. d. Ausg. Leipzig 1933), ISBN 3-8067-0149-0.
Агнеса дэ Пуацье — продкі |
---|
|
| |
---|
Слоўнікі і энцыклапедыі | |
---|
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|