Авель Пінхусавіч Брэгман, часам у літаратуры Аркадзь Пятровіч Брэгман (12 красавіка 1906, Людзяневічы, цяпер Жыткавіцкі раён, Мінская вобласць — 30 мая 1958, Мінск) — беларускі архітэктар.
Нарадзіўся ў 1906 г. у сяле Людзяневічы ў сям’і рабочага-печніка. З 1921 г. працаваў печніком у 18-м пагранатрадзе, у 1927 годзе з’ехаў у Маскву. Працаваў на новабудоўлях, вучыўся ў мастацкай студыі АМР. У 1928—1931 гг. — навучэнец рабфака[2]. Член КПСС з 1931 года.
У 1931 г. паступіў у Маскоўскі архітэктурны інстытут, які скончыў у 1936 г. Вучыўся ў прафесара Палякова, правадзейных членаў Акадэміі архітэктуры У. М. Сямёнава (руск.) (бел. і М. Я. Колі (кіраўнік дыпломнага праекта)[2].
Накіраваны ў Мінск, дзе працаваў архітэктарам, а потым начальнікам Архітэктурна-планіровачнага ўпраўлення. Член Саюза архітэктараў СССР з 1937 года. У 1938—1940 гадах начальнік Магілёўскага філіяла Белдзяржпраекта.У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў армію. У 1941—1945 гадах служыў у Куйбышаве, старэйшы інжынер штаба ваенна-палявога будаўніцтва, архітэктар заводаў НКАП 147 і 207.
З 1945 аднаўляў Мінск; з 1946 па 1958 г. кіраўнік майстэрні Белдзяржпраекта; выкладаў у Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме (1946-58). У 1945—1954 гадах член Саюза архітэктараў БССР.
Памёр за рабочым сталом у майстэрні Белдзяржпраекта, якой кіраваў. На магіле пастаўлены помнік, на якім рукой яго сябра Г. Заборскага высечаны партрэт і надпіс[2].
Асноўныя працы: у Магілёве — гасцініца «Дняпро», жылыя дамы СНК БССР (1937—1941, з А. П. Воінавым); у Мінску — Інстытут фізкультуры (1938, з А. П. Воінавым і Мураўёвым), праект гасцініцы «Еўропа» на скрыжаванні вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна (1946), жылыя дамы на Ленінскім праспекце, (цяпер — праспект Незалежнасці, 1948—1951), 160-кватэрны жылы дом на скрыжаванні вуліц Савецкай і Даўгабродскай (1940—1948); жылы дом з міжгароднім тэлефонам на рагу вул. К. Маркса і Леніна (1949—1951)[2]; дом прафесарска-выкладчыцкага складу інтэрнат Мінскай Вышэйшай партыйнай школы па вул. К.Маркса (1950, цяпер — інтэрнат БДУ), Белпрамсавета і Прамэнергапраект (1953—1955, з Э. М. Гальдштэйн, цяпер будынак Нацыянальнага банка Беларусі), комплекс жылых дамоў з кінатэатрам «Навіны дня» (1950—1953, па вуліцах К. Маркса і Энгельса, цяпер Малая сцэна тэатра імя Я. Купалы) і жылы дом Саюза пісьменнікаў з магазінам «Палітычная кніга» на рагу вуліц К. Маркса і Энгельса (1951—1953); будынак Белпрампраекта[3] (Вярхоўнага суда[2]) на рагу вул. Леніна і Кірава (1950—1955), Упраўленне бытавога абслугоўвання з атэлье «Дом мод» (1956)[3]; кінатэатр «Летні» ў парку Горкага (1952), праект забудовы плошчы Свабоды (1954—1956); комплекс 2-павярховых катэджаў па вул. Фрунзэ (1955—1957); корпус Тэхналагічнага інстытута (1956, з В. Б. Ладыгінай).
Удзельнічаў ва ўсесаюзным конкурсе на забудову Цэнтральнай плошчы ў Мінску (1954). З нерэалізаваных праектаў — два 116-кватэрныя дамы на Прывакзальнай плошчы ў Мінску (1940, з У. Вараксіным).
Біяграфічныя дакументы, фотаздымкі будынкаў па праектах архітэктара захоўваюцца ў БДАНТД, куды перададзены сынам[4].
Меў дачку Іну (нар. 1937; у замужжы Бярозкіна) і сына Анатоля (нар. 1941), якія таксама сталі архітэктарамі.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1954).